Ад палітычнага дыялогу — да канкрэтных праектаў
Гэта ўжо чацвёрты форум за апошнія два гады, арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Федэрацыяй гандлёва-прамысловых палат М’янмы. Такая інтэнсіўнасць сустрэч бізнес-супольнасці, прычым на высокім узроўні, сведчыць аб узаемнай цікавасці бакоў, наладжванні стабільнага супрацоўніцтва ў розных сферах: ад харчовай і тэкстыльнай прамысловасці да будаўніцтва, фармацэўтыкі і інфармацыйных тэхналогій. Удзел у форуме ўзялі больш за 150 прадстаўнікоў айчынных прадпрыемстваў і каля 70 прадстаўнікоў вядучых прадпрыемстваў і фінансавых інстытутаў М’янмы.
«У Беларусі і М’янмы шмат пунктаў судакранання»
Адкрываючы Беларуска-М’янманскі бізнес-форум, Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр ТУРЧЫН адзначыў, што гэта падзея з’яўляецца яскравым сведчаннем станоўчай дынамікі развіцця адносін дзвюх краін. «У Беларусі і М’янмы шмат пунктаў судакранання, — канстатаваў ён. — Адзінае, што нас падзяляе, — гэта геаграфічная адлегласць. Ва ўсім астатнім — у эканоміцы, поглядах на глабальныя працэсы і імкненні да росквіту нашых народаў — мы самыя блізкія партнёры і аднадумцы».
Высокую планку ўзаемадзеяння, па словах кіраўніка ўрада, задае палітычная воля прэзідэнтаў Беларусі і М’янмы. Наладжаны пастаянны дыялог на найвышэйшым і высокім узроўнях. Функцыянуюць Беларуска-М’янманскі камітэт па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і Сумесная рабочая група па супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі і харчавання. Працягвае развівацца дагаворна-прававая база. У бягучым годзе адкрыта Пасольства М’янмы ў Мінску. Да канца года пачне працаваць беларускае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Нейп’ідо.
«Эканомікі нашых краін не канкурыруюць, а ўзаемна дапаўняюць адна адну, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. — Як адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы, закрытых тэм у адносінах з М’янмай у нас няма».
«Наша мэта — узаемная выгада для прадпрыемстваў дзвюх краін»
З мэтай якаснага кроку наперад на шляху развіцця беларуска-м’янманскага супрацоўніцтва Прэм’ер-міністр прапанаваў бізнесу М’янмы сканцэнтравацца на некалькіх ключавых кірунках.
Першы кірунак — пераход ад простых тавараабменных аперацый да глыбокай прамысловай кааперацыі.
«У адрозненне ад многіх іншых вашых партнёраў, мы гатовы да рэалізацыі праектаў, у аснове якіх — лакалізацыя вытворчасці ў М’янме шырокай лінейкі запатрабаваных тавараў, — канкрэтызаваў кіраўнік урада. — Беларусь прапануе М’янме не проста купляць гатовую тэхніку, а з апорай на беларускія тэхналогіі сумесна працаваць над стварэннем дабаўленай вартасці ўнутры вашай краіны».
У першым квартале 2027 года наша краіна гатова запусціць у М’янме зборачныя вытворчасці трактароў і грузавых аўтамабіляў. Паралельна беларускі бок плануе пашыраць лінейку паставак гатовай прадукцыі: у прыватнасці, размова ідзе пра пасажырскі электратранспарт, а таксама пра камунальную і спецыяльную тэхніку. Такія ж падыходы ў нас і да супрацоўніцтва ў хімічнай галіне.
«Беларусь разглядае М’янму не проста як рынак збыту, — звярнуў увагу Аляксандр Турчын. — Наша мэта — узаемная выгада для прадпрыемстваў дзвюх краін».
У галіне энергетыкі беларускія прадпрыемствы гатовы праектаваць і аснашчаць аб’екты размеркаванай генерацыі, пастаўляць у М’янму сучаснае абсталяванне і ўкараняць аўтаматызаваныя сістэмы кіравання.
«У будаўнічым сектары падрадныя арганізацыі Беларусі маюць каласальны вопыт работы за мяжой, — дадаў Прэм’ер-міністр. — Гатовы актыўна падключацца да вашых інфраструктурных праектаў: ад маштабнага будаўніцтва дарог і мастоў да ўзвядзення жылых кварталаў, сацыяльных аб’ектаў. Дакладнае выкананне тэрмінаў і высокая якасць работ будзе забяспечана».
«Разлічваем на сістэмную і канструктыўную работу»
Другі кірунак — кааперацыя ў галіне лёгкай прамысловасці.
У якасці канкрэтнага прыкладу магчымасцяў прамысловай кааперацыі кіраўнік беларускага ўрада прывёў праект па будаўніцтве ў М’янме абутковай фабрыкі. «Беларускі бок падыходзіць да гэтага пытання комплексна, — удакладніў ён. — Мы не проста забяспечым пастаўкі скуры і кампанентаў, а ажыццявім паўнавартасны трансфер тэхналогій».
Пры гэтым беларускі бок гатовы навучаць м’янманскіх спецыялістаў у нашых навучальных установах, каб нашы партнёры атрымалі ўласную тэхналагічную базу.
«Нашы прадпрыемствы маюць сур’ёзныя кампетэнцыі і гатовы забяспечыць патрэбы М’янмы ў высокатэхналагічных тканінах і сучасных сродках індывідуальнай абароны, — дадаў Аляксандр Турчын. — Разлічваем на сістэмную і канструктыўную работу ў гэтым кірунку».
Трэці кірунак — праекты ў аграпрамысловым комплексе і забеспячэнне харчовай бяспекі.
Забеспячэнне насельніцтва нашых краін якасным і даступным па кошце харчаваннем, па словах кіраўніка ўрада, з’яўляецца пытаннем нацыянальнай бяспекі. «Беларусь традыцыйна моцная ў гэтай сферы і гатова поўнасцю закрываць патрэбнасці рынку М’янмы ў якасным сухім малацэ, дзіцячым харчаванні, рапсавым алеі і масле, — канкрэтызаваў ён. — У сваю чаргу беларускі рынак мае патрэбу ў шырокім спектры сельскагаспадарчых тавараў м’янманскай вытворчасці».
Беларусы зацікаўлены ў больш глыбокім і змястоўным фармаце супрацоўніцтва ў галіне харчовай бяспекі. У прыватнасці, на базе нашых тэхналогій М’янме прапануецца ствараць уласную перапрацоўку.
Лакалізацыя вытворчасці і пераемнасць тэхналагічнага развіцця
Чацвёрты кірунак — супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя і фармацэўтыкі.
Аляксандр Турчын запэўніў, што фармацэўтычны рынак М’янмы можа разлічваць на доступ да якасных і даступных па кошце медыкаментаў беларускай вытворчасці. Акрамя таго, мы гатовы нарошчваць пастаўкі нашых лекавых прэпаратаў і адначасова прапануем рухацца далей — пераходзіць да лакалізацыі іх вытворчасці ў М’янме.
Пяты кірунак — высокія тэхналогіі, навука і падрыхтоўка кадраў.
У гэтай сферы Беларусь і М’янма, па словах кіраўніка ўрада, не абмяжоўваюцца дэкларацыямі, а пераходзяць да практычных крокаў: напрыклад такіх, як стварэнне сумеснага тэхнапарка ў Нейп’ідо. Ён удакладніў, што Беларусь гатова прапанаваць адпаведныя рашэнні на базе штучнага інтэлекту і камп’ютарнага зроку, якія прымяняюцца як у лічбавай эканоміцы, так і ў электронным урадзе.
Аднак любыя тэхналогіі без прафесійна навучаных кадраў, па меркаванні Аляксандра Турчына, застануцца незапатрабаванымі. «Таму Беларусь гатова забяспечыць падрыхтоўку на базе нашых вядучых навуковых і навучальных цэнтраў м’янманскіх інжынераў і навуковых спецыялістаў для інтэграцыі іх ва ўсе агучаныя праекты — ад зборкі трактароў да сумесных распрацовак у касмічнай сферы, — падкрэсліў ён. — Адкрыццё сумесных адукацыйных праграм у М’янме дасць магчымасць рыхтаваць запатрабаваных у эканоміцы спецыялістаў, забяспечваючы пераемнасць тэхналагічнага развіцця».
Рэжым спрыяльнасці і надзейны фінансавы фундамент
Шосты кірунак — бясшвовае юрыдычнае асяроддзе для капіталаўкладанняў і фінансава-лагістычная інфраструктура.
Для пераводу дасягнутых дамоўленасцяў у плоскасць рэальных капіталаўкладанняў, як адзначыў Аляксандр Турчын, неабходна завяршыць фарміраванне бясшвовага юрыдычнага асяроддзя і гарантаваць безумоўную абарону капіталу, празрыстасць правілаў гульні і механізмы вываду прыбытку.
Размова ідзе аб неабходнасці забеспячэння для абодвух бакоў рэжыму найбольшай спрыяльнасці. «У прыватнасці, у Беларусі функцыянуюць свабодныя эканамічныя зоны са значнымі падатковымі канікуламі, працуе індустрыяльны парк „Вялікі камень“, які прапануе істотны набор ільгот і гатовую інфраструктуру сусветнага класа, існуе шэраг прэферэнцыйных рэжымаў інвесціравання, а таксама забяспечваюцца стабільнасць заканадаўства і абарона правоў уласнасці», — канкрэтызаваў ён.
Сумесна з м’янманскім бокам падрыхтаваны надзейны фінансавы фундамент — Базавае крэдытнае пагадненне паміж Банкам развіцця Беларусі і Міністэрствам фінансаў М’янмы, праект якога гатовы да падпісання. «Гэта не дэкларацыя аб намерах, а канкрэтны фінансавы інструмент, які адкрывае прамую і надзейную лінію экспартнага крэдытавання нашых сумесных праектаў», — падкрэсліў Прэм’ер-міністр.
Аляксандр Турчын адзначыў, што інфраструктура беларуска-м’янманскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва выбудавана. Цяпер, па яго словах, усё залежыць выключна ад актыўнасці і ініцыятывы беларускага і м’янманскага бізнесу.
«Наша галоўная задача на бягучым этапе — канвертаваць дасягнуты ўзровень палітычнага дыялогу ў канкрэтныя праекты ў эканамічнай сферы, кантракты, працоўныя месцы і тоны адгружанай прадукцыі, — акцэнтаваў увагу кіраўнік урада. — Палітычная воля ёсць, усе рашэнні нашымі лідарамі прыняты. Пакет камерцыйных дакументаў, які будзе падпісаны сёння на палях форуму, дасць магчымасць закласці аснову, на якой трэба выбудаваць сістэмныя кантакты ў эканамічнай сферы».
Па яго словах, трэба прыкласці максімум намаганняў, каб усе «флагманскія» праекты стартавалі ў найбліжэйшы час і адначасова шукаць новыя нішы для супрацоўніцтва, прапаноўваць свежыя ідэі па нарошчванні ўзаемнага гандлю. «Патэнцыял нашых эканомік велізарны, механізмы ўзаемадзеяння дзяржавай створаны — цяпер усё залежыць ад вашай энергіі і камерцыйнай хваткі», — звярнуўся Прэм’ер-міністр да ўдзельнікаў бізнес-форуму.
«Мы маем цвёрды намер дасягаць далейшага прагрэсу»
Як звярнуў увагу Прэзідэнт Рэспублікі Саюз М’янма Мін Аун ХЛАЙН, Беларусь і М’янма — дружалюбныя краіны, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць. «Паміж намі наладжана сяброўства, ёсць паразуменне і давер, — удакладніў ён. — Дыпламатычныя адносіны ўстаноўлены ў верасні 1999 года. За гэты час двухбаковыя адносіны прыкметна палепшыліся і дасягнулі самага высокага ўзроўню. Важнай вяхой з’яўляецца адкрыццё пасольства М’янмы ў Мінску».
Асаблівую ўдзячнасць лідар М’янмы выказаў беларускаму боку за нязменную падтрымку і дапамогу гэтай краіне, у тым ліку ў вырашэнні міжнародных праблем. «У перыяд абвастрэння глабальных геапалітычных і геаэканамічных выклікаў двухбаковыя адносіны ўмацоўваюцца на аснове ўзаемнага даверу, — канстатаваў Мін Аун Хлайн. — Мы маем цвёрды намер дасягаць далейшага прагрэсу. Настаў час стратэгічна развіваць і ўмацоўваць эканамічнае супрацоўніцтва, абапіраючыся на добрую гісторыю сяброўства паміж нашымі краінамі».
Па словах Прэзідэнта М’янмы, Беларуска-М’янманскі бізнес-форум дазваляе ўмацоўваць узаемадзеянне ў эканамічнай, інвестыцыйнай і гандлёвай сферах. «Распрацоўка сумесных праектаў, урэгуляванне эканамічных і гандлёвых бар’ераў будуць садзейнічаць больш эфектыўнаму развіццю двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва», — лічыць Мін Аун Хлайн.
Падчас форуму Аляксандр Турчын і Мін Аун Хлайн азнаёміліся з экспазіцыяй м’янманскай прадукцыі. Госці нашай краіны прадставілі шырокі асартымент прадуктаў харчавання. Асобна размова зайшла аб магчымасці паставак м’янманскіх кавы і чаю ў Беларусь.
У завяршэнні Беларуска-М’янманскага бізнес-форуму бакі падпісалі шэраг камерцыйных пагадненняў, што стала практычным вынікам актыўнай работы дзелавых і навуковых колаў Беларусі і М’янмы, а найперш — асабістых кантактаў лідараў дзвюх краін.
Даслоўна
«У М’янмы ёсць цікавасць да лёгкай прамысловасці Беларусі»
Як адзначыла ў размове з журналістамі генеральны дырэктар ААТ «Камволь» Таццяна ЛУГІНА, канцэрн «Беллегпрам», які аб’ядноўвае лёгкую прамысловасць краіны, апошнія пяць-сем гадоў актыўна працуе на рынку М’янмы.
«Безумоўна, візіты Аляксандра Лукашэнкі ў гэту краіну надалі імпульс і бізнесу М’янмы, — звярнула ўвагу кіраўнік прадпрыемства. — Тая колькасць гасцей па бізнес-місіях, якая за апошнія паўгода-год прысутнічала канкрэтна на Мінскім камвольным камбінаце, паказвае, што ў М’янмы ёсць цікавасць да лёгкай прамысловасці Беларусі».
Пры гэтым сказаць, што лёгкая прамысловасць у гэтай краіне не развіта, нельга. «Вялікую долю ўнутранага валавога даходу яны зарабляюць за кошт пашыву таго ці іншага асартыменту, — удакладніла Таццяна Лугіна. — Мы бачым патэнцыял у пастаўцы тканін на м’янманскі рынак. Найперш іх цікавяць тэхнічныя тканіны. Некаторыя бізнесмены праяўляюць інтарэс да паставак пражы. Нягледзячы на тое, што ў гэтай краіне заўсёды спякотнае надвор’е, цікавяцца воўнай, але ў прыярытэце — бавоўна».
Ёсць у м’янманскіх партнёраў запыт і на тэхналогіі тэкстыльна-ткацкай вытворчасці. «Развіць адразу і ткацкую, і прадзільную вытворчасць няпроста, — заўважае гендырэктар ААТ „Камволь“. — Мы ім раім адразу развіваць ткацкую вытворчасць: купіць абсталяванне і навучыць сваіх людзей быць прафесіяналамі ў ткацтве. А далей можна пераходзіць на прадзенне».
Кіраўнік прадпрыемства звяртае ўвагу на няпростую лагістыку паміж нашымі краінамі. Аднак кааперацыя з іншымі сферамі, напрыклад, цяжкай прамысловасцю, у выглядзе зборных грузаў, па яе словах, дазволіць зменшыць кошт перавозкі. «Развіваць узаемадзеянне трэба нягледзячы на ўсе складанасці, — лічыць Таццяна Лугіна. — М’янму, як і афрыканскі рэгіён, мы разглядаем як рынак з патэнцыялам развіцця. Таму будзем замацоўваць свае пазіцыі на далёкай дузе».
«Зможам знайсці сваю нішу ў гэтай краіне»
Дырэктар Мінскага холадакамбіната № 2 Дзмітрый БОНАХАЎ бачыць перспектыву ў пастаўцы прадукцыі прадпрыемства на рынак М’янмы: «У міжсезонне ў Беларусі наша прадукцыя не карыстаецца высокім попытам, як летам. Але нам круглы год патрэбна прадаваць марожанае. Для М’янмы такое паняцце, як міжсезонне, не характэрна. Там заўсёды цёпла. Таму гэта краіна можа стаць добрым рынкам збыту для нашай прадукцыі».
Прадпрыемства гатова ўлічваць смакавыя перавагі жыхароў гэтай краіны. Падобны вопыт узаемадзеяння ёсць з кітайскімі партнёрамі, калі пэўныя віды прадукцыі ствараліся для канкрэтнага пакупніка. «Будзем вывучаць меркаванне аўдыторыі і гатовы спецыяльна прыдумляць марожанае з пэўным смакам канкрэтна для гэтай краіны, — удакладніў Дзмітрый Бонахаў. — Думаю, зможам знайсці сваю нішу ў гэтай краіне. Пакуль жа М’янма для нас — чысты ліст паперы, на якой нешта трэба будзе яшчэ напісаць. Пажадана, каб гэта быў дагавор».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА