Беларусь і М’янма плануюць заключыць дагавор аб абароне і заахвочванні інвестыцый. Пра гэта заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падчас Беларуска-м’янманскага бізнес-форуму ў Мінску, перадае БелТА.
«Для пераводу дасягнутых дамоўленасцяў у плоскасць рэальных капіталаўкладанняў неабходна завяршыць фарміраванне бясшвовага юрыдычнага асяроддзя і гарантаваць безумоўную абарону капіталу, празрыстасць правілаў гульні і механізмы вываду прыбытку. Неабходная работа па заключэнні поўнафарматнага міжнароднага дагавора аб абароне і заахвочванні інвестыцый. Трэба забяспечыць для абодвух бакоў рэжым найбольшага спрыяння. Беларускія прадпрыемствы ў М’янме будуць працаваць больш эфектыўна, калі ўмовы функцыянавання будуць адпавядаць айчынным. Са свайго боку Беларусь гатова прадаставіць м’янманскім інвестарам умовы вядзення бізнесу, якія будуць адпавядаць самым высокім беларускім унутраным стандартам», — сказаў Аляксандр Турчын.
У прыватнасці, у Беларусі функцыянуюць свабодныя эканамічныя зоны са значнымі падатковымі канікуламі, працуе індустрыяльны парк «Вялікі камень», які прапануе істотны набор ільгот і гатовую інфраструктуру сусветнага класа, існуюць прэферэнцыйныя рэжымы інвеставання, а таксама забяспечваюцца стабільнасць заканадаўства і абарона правоў уласнасці. «Запрашаем м’янманскі бізнес актыўна карыстацца гэтымі прэферэнцыямі», — дадаў Прэм’ер-міністр.
«Любыя праекты застануцца на паперы, калі пад іх не забяспечыць рэальнае фінансаванне. Сумесна з м’янманскім бокам падрыхтаваны надзейны фінансавы падмурак — базавае крэдытнае пагадненне паміж Банкам развіцця Беларусі і Міністэрствам фінансаў М’янмы, праект якога гатовы да падпісання. Гэта не дэкларацыя аб намерах, а канкрэтны фінансавы інструмент, які адкрывае прамую і надзейную лінію экспартнага крэдытавання нашых сумесных праектаў. Знойдзены рашэнні і для іншых сістэмных пытанняў. Цэнтральныя банкі завяршаюць выбудоўванне прамых карэспандэнцкіх адносін. Нацыянальны лагістычны аператар „Белмытнясэрвіс“ адпрацаваў скразныя мультымадальныя маршруты дастаўкі тавараў. Інфраструктура беларуска-м’янманскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва выбудаваная — зараз усё залежыць выключна ад актыўнасці і ініцыятывы бізнесу», — падкрэсліў кіраўнік урада.