Беларусь і Расія заключылі міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы дзейнасці з каштоўнымі металамі, каштоўнымі камянямі і вырабамі з іх. Як праінфармаваў Мінфін Расіі, дакумент падпісалі ў Маскве намеснік міністра фінансаў Беларусі Аляксандр Суднік і намеснік міністра фінансаў РФ Аляксей Майсееў, паведамляе БелТА.
Пагадненне накіравана на ўзаемнае прызнанне дзяржаўных прабірных клеймаў, якія наносяцца на ювелірныя і іншыя вырабы з каштоўных металаў, а таксама ўзаемнае прызнанне маркіроўкі такіх вырабаў. Ювелірныя вырабы, якія будуць заклеймены прабірным кляймом і маркіраваныя ў адной з дзяржаў — Беларусі ці Расіі — у выпадку іх перамяшчэння на тэрыторыю іншай дзяржавы не будуць падлягаць абавязковаму дадатковаму кляйменню і маркіроўцы. Узаемнае прызнанне маркіроўкі ювелірных вырабаў і прабірных клеймаў атрымаецца забяспечыць за кошт інтэграцыі інфармацыйных сістэм дзвюх краін.
«Мы праводзім планамерную работу па ўмацаванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Падпісанае пагадненне фарміруе спрыяльныя ўмовы для трансгранічнага гандлю ювелірнымі вырабамі. Яно будзе садзейнічаць аблягчэнню работы суб’ектаў гаспадарання пры рэалізацыі ювелірных вырабаў. Рэалізацыя пагаднення дасць магчымасць забяспечыць узаемнае прызнанне дзяржаўных прабірных клеймаў і сродкаў ідэнтыфікацыі», — сказаў Аляксандр Суднік.
«Стварэнне агульнага рынку ювелірных вырабаў паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь — гістарычная падзея. Узровень узаемнага даверу, кааперацыі, а таксама інтэграцыі нашых сістэм кантролю за абаротам каштоўных металаў і каштоўных камянёў кажа пра тое, што мы можам забяспечыць абарону расійскіх і беларускіх вытворцаў і спажыўцоў у рамках поўнай інтэграцыі і ўзаемапранікнення тавараў з нашых краін», — адзначыў Аляксей Майсееў.
Ратыфікацыя пагаднення будзе садзейнічаць скарачэнню для гаспадарчых суб’ектаў часу перамяшчэння ювелірных вырабаў, што безумоўна прынясе адчувальныя вынікі работы для ўдзельнікаў ювелірнага рынку дзяржаў у сферы абарачэння каштоўных металаў і каштоўных камянёў. Гэта, у сваю чаргу, дазволіць дзяржаўным органам праводзіць узгодненую і скаардынаваную палітыку пры ажыццяўленні дзяржаўнага кантролю за абарачэннем і перамяшчэннем каштоўных металаў, каштоўных камянёў і ювелірных вырабаў.