Top.Mail.Ru
152

Беларусь і Расія плануюць да канца года падпісаць пагадненне аб трэцім энергаблоку БелАЭС

Беларусь і Расія плануюць да канца года падпісаць пагадненне аб трэцім энергаблоку БелАЭС. Пра гэта заявіў міністр энергетыкі Дзяніс Мароз перад пасяджэннем Калегіі Мінэнерга, перадае БелТА

«У 2025 годзе Беларуская атамная электрастанцыя выпрацавала каля 17 млрд кВт/г электраэнергіі. Доля атамнай энергіі ў структуры спажывання электраэнергіі ў Беларусі дасягнула 40 % — дастаткова значная велічыня. Гэта надзейная і стабільная крыніца энергіі для нашай краіны, для нашай эканомікі. Акрамя таго, атамная станцыя дае і сінергетычны эфект не толькі для энергетыкаў, але і для сумежных галін. Улічваючы гэта, у лістападзе мінулага года на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы было прынята рашэнне аб далейшым развіцці атамнай генерацыі ў нашай краіне. Ёсць даручэнне аб неабходнасці рэалізацыі яшчэ аднаго блока на Беларускай атамнай электрастанцыі і аб больш глыбокай, дэталёвай прапрацоўцы пытання будаўніцтва яшчэ адной атамнай станцыі, меркаваным месцам размяшчэння якой можа быць Магілёўская вобласць», — сказаў Дзяніс Мароз.

Паміж Міністэрствам энергетыкі і дзяржкарпарацыяй «Расатам» створана міжведамасная рабочая група па фарміраванні рамачнага пагаднення аб будаўніцтве трэцяга блока на пляцоўцы Беларускай атамнай электрастанцыі. «Цяпер вядзецца работа па падрыхтоўцы гэтага рамачнага пагаднення. Тэхнічныя параметры блока будуць у значнай ступені вызначацца тым, як будзе развівацца энергетычны сектар і прамысловасць у Беларусі, якія будуць тэмпы спажывання электрычнай энергіі. Плануем, што, як і ў дзеючых блокаў, магутнасць трэцяга энергаблока будзе складаць 1200 МВт. Абсалютна перакананы, што ў бліжэйшы час мы выйдзем на пэўныя дамоўленасці па рамачным пагадненні, якое будзе падпісана на высокім узроўні. Стаіць задача падпісаць яго да канца 2026 года», — адзначыў міністр.

«Што датычыцца будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі, сёння найбольш перспектыўнай пляцоўкай для яе размяшчэння бачым Магілёўскую вобласць. Мы разглядаем розныя варыянты канфігурацыі гэтай атамнай электрастанцыі. Сумесна з Акадэміяй навук, нашымі праектнымі інстытутамі і з дзяржкарпарацыяй „Расатам“ мы цяпер вывучаем некалькі аспектаў. Першае — пляцоўка, дзе можна было б станцыю размясціць. Другое — тэхнічныя параметры гэтай станцыі з улікам перспектыў павелічэння электраспажывання за межамі 2040 года», — пазначыў кіраўнік Мінэнерга.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю