Top.Mail.Ru

Беларусь і Расія плануюць пашыраць сумесную спадарожнікавую групоўку

Беларусь і Расія плануюць пашыраць сумесную спадарожнікавую групоўку. Аб гэтым паведаміў журналістам перад сесіяй агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік, перадае БелТА.



Як расказаў Уладзімір Каранік, у рамках Саюзнай дзяржавы плануецца рэалізацыя двух асноўных напрамкаў. Адзін з іх — даследаванне касмічнай прасторы. «І тут вельмі добрыя напрацоўкі і добры ўзровень узаемадзеяння са структурамі „Раскосмасу“. Мы плануем далей пашыраць сумесную спадарожнікавую групоўку. У 2027—2028 годзе, спадзяёмся, будуць запушчаны яшчэ чатыры касмічныя апараты», — расказаў Уладзімір Каранік.

Другі напрамак — праграма «Саюз-Біямембраны». Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі назваў яе ўнікальнай і перспектыўнай. «Гэты біятэхналагічны напрамак у інтарэсах медыцыны і народнай гаспадаркі, што, з майго пункту гледжання, таксама будзе знакавым крокам наперад па стварэнні новых лекавых форм і метадаў лячэння сацыяльна значных захворванняў», — адзначыў Уладзімір Каранік.

У сесіі Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прымаюць удзел каля 400 прадстаўнікоў акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі, маладыя вучоныя краіны. Разглядаюцца вынікі работы айчыннай навукі ў мінулым годзе, ставяцца задачы развіцця Нацыянальнай акадэміі навук і ў цэлым навуковай сферы краіны на 2026-ы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю