Top.Mail.Ru

Беларусь і Расія рухаюцца ў бок персаніфікаванай медыцыны

На секцыі № 6 XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі абмеркавалі шмат кірункаў супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя Саюзнай дзяржавы


Тэматычная секцыя № 6 праходзіла на базе Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, доктар медыцынскіх навук Ірына Абельская адзначыла, што вельмі важнымі, актуальнымі і цікавымі выступаюць сумесныя беларуска-расійскія праекты і праграмы ў галіне інавацыйнай медыцыны.


«Гэта і распрацоўка новых лекавых прэпаратаў, біяфармацэўтыка, пошукі лячэння неінфекцыйных, анкалагічных, сардэчна-сасудзістых захворванняў. Такія блокі сёння разглядаем на нашай секцыі. Не абыдзецца без пытанняў сумеснага вывучэння і прасоўвання ў галіне лічбавай трансфармацыі, што вельмі важна зараз — частка дакладаў і паведамленняў прысвечана гэтай тэме. Упэўнена, што вынікі будуць цікавымі. І самае галоўнае, што яны павінны быць укаранёныя менавіта ў практычным полі», — падкрэсліла сенатар.

Перспектыўнымі сферамі для сумесных навуковых распрацовак Ірына Абельская назвала пошук новых спосабаў і ўдасканаленне падыходаў да лячэння і выяўлення анкалагічных захворванняў:

«Цяпер і Расія, і Беларусь рухаюцца ў бок персаніфікаванай медыцыны. Безумоўна, гэты пераход да распрацоўкі індывідуальных, адрасных метадаў дыягностыкі і тэрапіі стварае каласальныя перспектывы для навукі. Гэта ключавая галіна, дзе аб’яднанне намаганняў дзвюх краін і іх нацыянальных сістэм аховы здароўя здольна прывесці да вельмі значных дасягненняў».

Падчас пасяджэння эксперты таксама дэталёва абмеркавалі магчымасць для грамадзян дзвюх дзяржаў атрымання поўнага пакета бясплатнай медыцынскай дапамогі, дзе б чалавек ні знаходзіўся — у Беларусі ці Расіі. Другі момант, значны для абмеркавання, — інавацыі, якія развіваюцца ў абедзвюх краінах і павінны быць даступныя людзям.

Першы намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі па сацыяльнай палітыцы Жанна Чафранава адзначыла, што ў гэтым аспекце ідзе гаворка ў тым ліку аб высокатэхналагічных метадах лячэння анкалагічных захворванняў.

«Узнімаем пытанні штучнага інтэлекту, тэлекамунікацый, інфармацыйных сістэм. Абмяркоўваем прадаўжэнне праграмы дапамогі людзям, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На форуме таксама разглядаем тэму ліцэнзавання, сертыфікацыі па вытворчасці новых лекаў і тэхналогій, каб гэтыя працэсы праходзілі яшчэ больш аператыўна», — расказала Жанна Чафранава.

Эксперт таксама падкрэсліла, што ў нашых дзяржаў ёсць нямала прыкладаў паспяхова рэалізаваных праектаў у сферы аховы здароўя, у тым ліку ў адукацыйным плане. Так, дзейнічае праграма сумеснага навучання ўрачоў з Беларусі і Расіі — больш за 1200 урачоў-беларусаў падключыліся да гэтай праграмы дыстанцыйна, каля 600 беларускіх студэнтаў навучаюцца па гэтым праекце ў Расіі. Таксама паказала высокія вынікі праграма Саюзнай дзяржавы «Спінальныя сістэмы» па лячэнні паталогій спіннога мозгу ў дзяцей.

Завяршэннем пасяджэння стала падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж беларускім Агенцтвам лічбавай трансфармацыі ў асобе генеральнага дырэктара Сяргея Руднева і Цэнтральным навукова-даследчым інстытутам арганізацыі і інфарматызацыі аховы здароўя Міністэрства аховы здароўя Расійскай Федэрацыі ў асобе дырэктара, доктара медыцынскіх навук, прафесара Вольгі Кабяковай.

Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю