Top.Mail.Ru

Беларусь і Расія заклікалі да міжнародных перагавораў для прадухілення гонкі ўзбраенняў у космасе

Беларусь і Расія выступілі за хутчэйшы пачатак міжнародных перагавораў па выпрацоўцы шматбаковага юрыдычна абавязваючага інструмента па прадухіленні гонкі ўзбраенняў у касмічнай прасторы. Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай заяве дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі ў Першым камітэце 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, якая апублікавана на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства, паведамляе БелТА.


Аўтары дакумента выступілі супраць размяшчэння ў космасе зброі любога віду, прымянення сілы або пагрозы сілай у адносінах да касмічных аб’ектаў або з іх дапамогай, спроб асобных краін выкарыстоўваць касмічную прастору ў мэтах узброенай канфрантацыі, у тым ліку ў рамках рэалізацыі праекта ЗША «Залаты купал», які ўключае распрацоўку і разгортванне сродкаў перахвату касмічнага базіравання.

«Адзначаем сур’ёзныя негатыўныя наступствы такіх крокаў і будзем процідзейнічаць палітыцы, накіраванай на дасягненне ваеннай перавагі ў касмічнай прасторы і яе афіцыйнае замацаванне ў якасці прасторы для баявых аперацый. Пацвярджаем неабходнасць хутчэйшага пачатку міжнародных перагавораў па выпрацоўцы шматбаковага юрыдычна абавязваючага інструмента па прадухіленні гонкі ўзбраенняў у касмічнай прасторы з забаронай на размяшчэнне зброі любога выгляду ў космасе, прымяненне сілы або пагрозы сілай у адносінах да касмічных аб’ектаў або з іх дапамогай. Выступаем за глабалізацыю міжнароднай ініцыятывы / палітычнага абавязацельства аб неразмяшчэнні першымі зброі ў космасе», — гаворыцца ў сумеснай заяве.

Бакі таксама падкрэслілі неабходнасць захавання і ўмацавання Канвенцыі аб забароне біялагічнай і таксіннай зброі (КБТЗ), у тым ліку шляхам інстытуцыяналізацыі і прыняцця юрыдычна абавязваючага пратакола да канвенцыі, які прадугледжвае сярод іншага эфектыўны механізм праверкі захавання КБТЗ. Беларусь і Расія лічаць недапушчальным стварэнне міжнародных механізмаў, якія дубліруюць функцыі КБТЗ і дзейнічаюць у абход Савета Бяспекі ААН.

«Дзяржавы не павінны ажыццяўляць на сваёй або чужой тэрыторыі ваенна-біялагічную дзейнасць, якая пагражае бяспецы іншых краін, — адзначаецца ў дакуменце. — Заклікаем садзейнічаць вяртанню работы Арганізацыі па забароне хімічнай зброі ў дэпалітызаванае тэхнічнае рэчышча на аснове прынцыпу кансэнсусу. Выступаем супраць прад’яўлення абвінавачанняў у прымяненні хімічнай зброі, якія не маюць належнай доказнай базы па Канвенцыі аб забароне хімічнай зброі».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю