Ад кантактаў на міжнароднай арэне да паставак медабсталявання
Аб гэтым заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей АЛЕЙНІК па выніках сустрэчы з паслом Японіі ў Беларусі Кадзухіра Куна. Сустрэча была прысвечана абмеркаванню пытанняў развіцця і паглыблення двухбаковых адносін. Ёсць дамоўленасць актывізаваць міжпарламенцкае супрацоўніцтва паміж краінамі.
У свой час у парламенце Японіі існавала група сяброўства. Беларускія парламентарыі разлічваюць на аднаўленне яе работы.
«Дамовіліся пачаць з кантактаў паміж парламентамі дзвюх краін на пляцоўках міжнародных арганізацый, такіх як Міжпарламенцкі саюз, Парламенцкая асамблея АБСЕ, — канкрэтызаваў Сяргей Алейнік. — Мы ўдзялілі ўвагу і пытанням міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Сёння дзейнічае толькі адно пабрацімскае пагадненне паміж нашымі краінамі. Дамовіліся прадумаць канкрэтныя крокі па развіцці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Японіяй».
На сустрэчы таксама разглядаліся перспектывы развіцця гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі, садзейнічанне ў рэалізацыі сумесных эканамічных праектаў, наладжванне ўзаемадзеяння паміж гандлёва-прамысловымі палатамі, паглыбленне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Апошняе, паводле слоў Сяргея Алейніка, ужо мае сваю гісторыю, але сёння стаіць пытанне, каб надаць яму новы імпульс.
Асаблівая ўвага падчас сустрэчы была ўдзелена развіццю супрацоўніцтва ў сацыяльна-гуманітарнай сферы. «Мы вельмі цэнім тую дапамогу, якую Японія аказвала нашай краіне па мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. — Аказвалася дапамога і па лініі ўрада Японіі, і па лініі шэрагу японскіх грамадскіх арганізацый на агульную суму каля $40 млн».
Акрамя таго, Японія з 2004 года запусціла праграму «Карані травы», якая была накіравана на ўмацаванне тэхналагічнай базы ўстаноў аховы здароўя Беларусі. «З мінулага года гэта праграма была адноўлена, і ўжо рэалізаваны тры канкрэтныя праекты па пастаўцы высокатэхналагічнага медыцынскага абсталявання, — удакладніў сенатар. — Мы вельмі цэнім гэта супрацоўніцтва і дамовіліся з паслом па далейшым развіцці гуманітарнага вымярэння нашых двухбаковых адносін».
26 студзеня Беларусь і Японія адзначылі 34-ю гадавіну з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін. За гэты перыяд напрацаваны пэўны досвед узаемавыгаднага супрацоўніцтва. Ёсць вынікі ў дагаворна-прававой базе, дзейнічае шэраг двухбаковых пагадненняў, якія датычацца навукова-тэхнічнай сферы, узаемадзеяння ў галіне радыяцыйнай бяспекі.
Праграма грантавай дапамогі «Карані травы» з’яўляецца адной з тых, што рэалізоўваюцца ўрадам Японіі за мяжой. Гэта праграма фінансуе гуманітарныя праекты, прапанаваныя арганізацыямі, і конкурсны адбор. У Беларусі праграма рэалізоўваецца з 2004 года. Асноўная яе мэта — дапамога людзям, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і яе наступстваў.
У рамках праграмы ажыццёўлены пастаўкі медыцынскага абсталявання ў бальніцы, якія знаходзяцца ў пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы рэгіёнах, а таксама ў анкалагічныя і эндакрыналагічныя медыцынскія ўстановы Беларусі (каля 100 адзінак медыцынскага абсталявання, уключаючы эндаскапічнае, УГД-апараты, стаматалагічныя ўстаноўкі, машыны хуткай медыцынскай дапамогі, электракардыёграфы). Прыярытэт аддаецца праектам, звязаным з дыягностыкай і лячэннем захворванняў шчытападобнай залозы. Акрамя таго, грантавыя сродкі могуць быць вылучаны на ўмацаванне матэрыяльнай базы арганізацый сацыяльнай абароны.
Паводле БелТА