Top.Mail.Ru

Беларусь — Куба: стратэгічнае партнёрства і братэрская падтрымка

Сёння Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Сант’яга Перэсам Бенітэсам.



Галоўнай тэмай перагавораў стала ўмацаванне міжпарламенцкага дыялогу і гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння дзвюх краін.

Адкрываючы сустрэчу, Наталля Качанава цёпла павітала госця:

«Вядома, мы разумеем тое, што адбываецца, што разгортваецца вакол вашай краіны, і нас гэта не можа не турбаваць. Але вы павінны ведаць, што Беларусь для Кубы заўсёды была, ёсць і будзе дружалюбная краіна. 


Наш Прэзідэнт, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка адзначыў, што Беларусь для Кубы заўсёды была і будзе брацкай краінай, на якую вы заўсёды можаце разлічваць».

У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кубы ў Беларусі Сант’яга Перэс Бенітэс выказаў глыбокую ўдзячнасць беларускаму боку за салідарнасць і падкрэсліў высокую зацікаўленасць у пашырэнні практычнага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва:

«Мы вельмі моцна ацэньваем беларускую дапамогу Кубе і наогул абарону Кубы, таму што мы брацкія краіны. Той факт, што ў Беларусі праяўляюць такую салідарнасць — гэта вельмі шмат значыць для 10 млн чалавек. Пры гэтым у ахове здароўя мы даказваем, што можам і абавязаны эфектыўна ўзаемадзейнічаць: кубінцы ўжо актыўна выкарыстоўваюць беларускія медыкаменты, і тут, як і ў пастаўках беларускай тэхнікі, трактароў, закладзены вялікі патэнцыял. У нас ужо ёсць 18 канкрэтных выніковых праектаў у галіне навукі і тэхнікі».


Вынікі сустрэчы падвёў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік. Сенатар адзначыў, што ў ходзе гутаркі бакі пацвердзілі дружалюбны, стратэгічны характар двухбаковых адносін, якія паспяхова правераны часам. 

Ён падкрэсліў, што ў краін назіраецца добрая дынаміка гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а ў фокусе парламенцкай увагі застаюцца сумесныя праекты ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і фармацэўтыцы.

Сяргей Алейнік таксама падрабязна спыніўся на трох найбольш вострых момантах, у якіх сёння адчувае дэфіцыт Куба з-за жорсткай амерыканскай блакады: гэта энергарэсурсы, прадукты харчавання і медыкаменты.

Менавіта таму беларускі бок у хуткім часе накіруе на Кубу гуманітарную дапамогу:

«Літаральна нядаўна было прынята рашэнне ўрада аб выдзяленні гуманітарнай дапамогі Кубе. 


Гэтая дапамога ўжо цалкам гатовая, і цяпер ідзе падрыхтоўчы працэс для яе транспарціроўкі і перадачы нашым кубінскім сябрам. Дапамога ўключае ў сябе 30 тон харчавання і парадку пяці тон вырабаў медыцынскага прызначэння і фармацэўтычнай прадукцыі».

Парламентарыі пацвердзілі гатоўнасць і далей развіваць увесь спектр сацыяльна-гуманітарнага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю