На мінулым тыдні адбыўся візіт міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова ў Лаос. Падчас яго кіраўнік знешнепалітычнага ведамства нашай краіны правёў шэраг важных сустрэч, у тым ліку і з Прэзідэнтам гэтай краіны Тханглунам Сісулітам, падчас якіх абмяркоўваліся дэталі развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.
Да канструктыўнага дыялогу падключыліся беларускія парламентарыі. З членамі групы дружбы «Лаос — Беларусь» Нацыянальнага сходу Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі правялі анлайн-сустрэчу намеснік старшыні Пастаяннай камісія па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацоўніцтве з Парламентам Лаоса Дзмітрый Шаўцоў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч і член Савета Рэспублікі, намеснік кіраўніка рабочай групы Аляксандр Лук’янаў.
Дзмітрый Шаўцоў вітаў намер Старшыні Нацыянальнага сходу Лаоса Сайсампхона Пхамвіхана ў бліжэйшы час наведаць Беларусь з афіцыйным візітам, выказаны ім падчас сустрэчы з Максімам Рыжанковым.
У ходзе відэаканферэнцыі бакі абмеркавалі актуальныя праблемы міжнароднага парадку дня, тэматыку беларуска-лаоскага ўзаемадзеяння, а таксама візіт кіраўніка беларускага дыпламатычнага ведамства ў Лаос.
На сустрэчы бакі выказалі гатоўнасць да канструктыўнага супрацоўніцтва па шырокім спектры пытанняў, якія маюць узаемную цікавасць для ўмацавання міжпарламенцкіх сувязей. Асаблівая ўвага ўдзелена разгляду перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння парламенцкіх груп сяброўства ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах.
Абмеркаваны таксама пытанні патрыятычнага выхавання моладзі, захавання гістарычнай памяці і праўды аб укладзе беларускага і лаоскага народаў у барацьбу за свабоду і незалежнасць. Бакі пацвердзілі гатоўнасць пашыраць супрацоўніцтва ў рамках міжнародных арганізацый, уключаючы парламенцкае вымярэнне АСЕАН і Міжпарламенцкі саюз.
Паводле прэс-службы Палаты прадстаўнікоў