Беларусь мае намер нарасціць пастаўкі тэхнікі ў Падмаскоўе і адкрыць там мультыбрэндавы цэнтр. Пра гэта паведаміў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой па выніках перагавораў з губернатарам Маскоўскай вобласці Андрэем Вараб’ёвым, паведамляе БелТА.
Дзмітрый Крутой канстатаваў, што практычна ўсе беларускія брэнды колавай тэхнікі прадстаўлены ў Маскоўскай вобласці. «Мы сёння з губернатарам паглядзелі планы: рэгіён закупляе прыкладна паўтары тысячы адзінак усёй наменклатуры нашай базавай тэхнікі. Гэта і пасажырская, і трактары для камунальных дарог, якія сёння дапамагаюць Маскве і Маскоўскай вобласці спраўляцца са снегападам (асобна рэгіён, дарэчы, нам за гэта дзякаваў). Мне важна было пачуць ад губернатара, што праграма абнаўлення пасажырскага транспарту застаецца ў сіле», — сказаў ён.
Па словах Дзмітрыя Крутога, у бліжэйшыя тры гады Падмаскоўю трэба прыкладна 3 тыс. новых аўтобусаў. «Спецыялісты „Масаўтатранса“ (гэта ключавы перавозчык рэгіёна) летась наведалі наш Мінскі аўтамабільны завод, менавіта новую аўтобусную вытворчасць, з’ездзілі на „Белкамунмаш“. І сёння, у прынцыпе, па якасці наша прадукцыя іх цалкам задавальняе. І губернатар сказаў, што ў іх у рэжыме адкрытага конкурсу трэба будзе прапаноўваць добрыя ўмовы. І не толькі цана, але і фінансавыя, і лізінгавыя праграмы, якія ёсць у Беларусі, — яны абсалютна падыходзяць рэгіёну. Таму ён выказаў надзею, што МАЗ у гэтых конкурсах здолее перамагчы», — расказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
«Акрамя таго, ёсць дамоўленасць з МАЗам па будаўніцтве мультыбрэндавага цэнтра, аналагічнага таму, які мы нядаўна адкрывалі ў Растове-на-Доне з прыцэлам на поўдзень Расіі. Тут гэта будзе цэнтральны хаб. Спатрэбіцца рэгістрацыя ў Маскоўскай вобласці нашага гандлёвага дома МАЗ-РУС. У якасці сустрэчных абавязацельстваў будуць падабраны зямельныя ўчасткі з ільготнымі ўмовамі. І мы такі цэнтр, дзе будзе і сэрвіс, і запчасткі, і вялікі шоў-рум па продажы пасажырскай тэхнікі, думаю, у бліжэйшы час пабудуем», — дадаў Дзмітрый Крутой.