«Вялікае поле для далейшых узаемных дзеянняў»
У суботу ў Доме ўрада адбылася сустрэча Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына з міністрам знешняга гандлю ААЭ Тані бен Ахмедам аль-Зеюдзі, падчас якой бакі абмеркавалі перспектывы далейшага двухбаковага супрацоўніцтва.

«Больш магутны імпульс для ўзмацнення нашых гандлёва-эканамічных адносін»
Звяртаючыся да дэлегацыі, Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын падкрэсліў, што Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — нашы сябры на працягу доўгіх гадоў. «І мы, вядома, з трывогай назіраем за сітуацыяй на Блізкім Усходзе і хацелі б, каб гэты канфлікт хутчэй завяршыўся і жыццё вярнулася ў звыклае рэчышча», — адзначыў Прэм’ер-міністр.

Кіраўнік беларускага ўрада звярнуў увагу, што ў нашай краіны ёсць цэлы шэраг прапаноў. Непасрэдна на тэрыторыі горада Мінска, па словах Аляксандра Турчына, сёння рэалізуецца шэраг знакавых праектаў з дапамогай інвестараў з ААЭ.
«Я ўпэўнены, што ў нас ёсць вялікае поле для далейшых узаемных дзеянняў, — заявіў Прэм’ер-міністр. — Тым больш, вы ўжо не ў першы раз у нашай краіне. І падчас мінулага вашага візіту быў падпісаны цэлы шэраг важных дакументаў, у тым ліку двухбаковых, паміж Беларуссю і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, якія, я ўпэўнены, дадуць яшчэ больш магутны імпульс для ўзмацнення нашых гандлёва-эканамічных адносін».

Аляксандр Турчын выказаў упэўненасць, што з дапамогай ААЭ бакі прыйдуць да цэлага шэрагу практычных рэалізацый сумесных напрацовак у розных сферах. «І я з вялікім задавальненнем гатовы гэтыя пытанні з вамі сёння абмеркаваць», — рэзюмаваў кіраўнік урада.
Міністр знешняга гандлю ААЭ Тані бен Ахмед аль-Зеюдзі падзякаваў беларускаму боку за магчымасць сустрэчы і перадаў найлепшыя пажаданні ад кіраўніцтва ўрада ААЭ беларускаму народу. «Мінулыя два дні былі вельмі насычанымі на сустрэчы, мерапрыемствы і візіты, і я буду рады падзяліцца з вамі ўражаннямі пра гэта, — адзначыў міністр знешняга гандлю ААЭ. — У нас падпісаны двухбаковыя пагадненні, і мы робім усё для таго, каб яны як мага хутчэй уступілі ў сілу. Дакументы будуць ратыфікаваныя на працягу 2-3 тыдняў, і мы спадзяёмся, што яны пачнуць функцыянаваць літаральна ў самыя кароткія тэрміны».
Даслоўна
«Станоўчыя вынікі ва ўсіх напрамках»
У размове з журналістамі міністр знешняга гандлю ААЭ Тані бен Ахмед аль-Зеюдзі падзяліўся падрабязнасцямі сустрэчы з кіраўніком беларускага ўрада.

«Гэта быда цудоўная сустрэча. Мы абмяркоўвалі двухбаковыя пагадненні, якія былі падпісаныя летась, іх рэалізацыю і ратыфікацыю. Мы спадзяёмся, што яны цалкам набудуць моц да канца гэтага года», — канкрэтызаваў міністр знешняга гандлю ААЭ, адзначыўшы цеснае ўзаемадзеяння прадстаўнікоў бізнес-колаў дзвюх краін.
Па словах Тані бен Ахмед аль-Зеюдзі, бакі абмяркоўвалі і рэалізацыю розных інвестпраектаў. У якасці прыкладу міністр знешняга гандлю ААЭ прывёў маштабны эксперыментальны комплекс «Паўночны бераг», а таксама інвестыцыі ў сферу тэлекамунікацый, харчовую бяспеку, гандаль, цэнтр апрацоўкі даных. Бакі таксама абмеркавалі ўзаемадзеянне ў сферы прамысловасці, мясной прадукцыі і шэраг іншых праектаў, якія адназначна пойдуць на карысць дзвюх краін.
«І мы ўпэўненыя, што па выніках дадзенага дыялогу будуць дасягнуты станоўчыя вынікі ва ўсіх напрамках», — адзначыў міністр.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА