«У Беларусі ёсць вельмі сур’ёзны патэнцыял для лічбавай трансфармацыі — магутныя IT-кампаніі, набытыя кампетэнцыі ў гэтай сферы. І Беларусь паказвае паспяховы вопыт прымянення дасягненняў у гэтай сферы ў розных галінах эканомікі», — адзначыў Тыгран Саркісян.
На яго думку, менавіта сфера аказання лічбавых паслуг можа дадаткова стымуляваць эканамічны рост у Беларусі. «Актыўная работа з нашымі беларускімі калегамі можа выявіць тыя галіны, якія неабходна алічбоўваць з пункту гледжання стымулявання дадатковага эканамічнага росту ў Беларусі», — сказаў намеснік старшыні праўлення Еўразійскага банка развіцця.
Ён нагадаў, што ў прыярытэце Фонду лічбавых ініцыятыў ЕАБР знаходзяцца праекты, якія маюць інтэграцыйны складнік. «Мы працуем з дзяржаўнымі ведамствамі Беларусі менавіта з пункту гледжання выяўлення тых лічбавых праектаў, якія мелі б інтарэс для ўсіх краін Еўразійскага саюза», — адзначыў Тыгран Саркісян. Адна з такіх сфер — турызм, дзе бачны рост інтарэсу да паездак унутры ЕАЭС. «Гэта цэлы комплекс паслуг, а лічбавыя платформы даюць магчымасць адказаць на ўсе пытанні, якія цікавяць турыстаў: фарміраванне маршрутаў, купля білетаў, браніраванне гасцініц, пытанні страхавання і гэтак далей», — растлумачыў куратар фонду.
Другім напрамкам ён назваў сферу дзяржпаслуг. «Нашы беларускія калегі праявілі інтарэс да тых лічбавых рашэнняў, якія былі ў Расіі, з тым, каб мы маштабавалі гэтыя рашэнні, у тым ліку і на Беларусь. Напрыклад, выкарыстанне штучнага інтэлекту пры рабоце з заяўкамі грамадзян, юрыдычных асоб», — сказаў Тыгран Саркісян.
«Трэці напрамак — фарміраванне інфраструктуры. У прыватнасці, мы цяпер працуем над пытаннем фарміравання складскіх гаспадарак, алічбаваных на прасторы ўсяго Еўразійскага саюза. Нашы даследаванні паказваюць, што патрэбнасць у складскіх гаспадарках павялічваецца ў разы, асабліва з улікам выкарыстання лічбавых тэхналогій. Сучасныя складскія гаспадаркі запатрабаваны, а калі мы іх будзем разглядаць у кантэксце фарміравання еўразійскай інфраструктуры, то гэта будзе мець вялікі інтарэс для Беларусі, тым больш Беларусь імкнецца выкарыстоўваць свой транзітны патэнцыял, у чым зацікаўлены ўсе краіны Еўразійскага саюза», — дадаў Тыгран Саркісян.