Пераможцам нацыянальнага адбору XXIV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск» стала Лізавета Цупрык з Брэста, паведамляе БелТА.
Лізавета прадставіць Беларусь у дзіцячым творчым спаборніцтве на XXXV Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». У фінале адборачнага тура XXIV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск» яна спаборнічала ў ліку 10 прэтэндэнтаў з розных гарадоў Беларусі. Канкурсанты прадставілі дзве кампазіцыі — эстрадную песню кампазітара славянскай краіны на адной са славянскіх моў і эстрадную песню дзіцяча-юнацкай тэматыкі.

Лізавета Цупрык прадставіла кампазіцыю беларускага аўтара і саўндтрэк да кінафільма «Чараўнік з краіны Оз». Фіналістка пасля абвяшчэння вынікаў падзялілася эмоцыямі з журналістамі. «Гэта мой трэці фінал у нацыянальным адборы, а наогул я пяць ці шэсць разоў ужо спрабавала сябе ў адборачных турах, ішла вельмі мэтанакіравана. Эмоцыі зашкальвалі. Пасля другой песні я пайшла за кулісы і расплакалася, мяне двойчы дадаткова грыміравалі. Гэта не таму, што нешта не атрымалася, а таму што быў моцны эмацыянальны ўздым. Мне ўжо 14 гадоў, і я заскочыла фактычна ў апошні вагон, таму што намініравацца на конкурс можна толькі да 14 гадоў», — падзялілася юная вакалістка.
Брэстаўчанка з чатырох гадоў займаецца вакалам і некалькі апошніх гадоў — прафесійна. Бацькі разгледзелі ў ёй вялікі талент і вырашылі, што дачцэ трэба дапамагчы развіць здольнасці. «Я ездзіла ў Маскву да педагогаў, займалася анлайн, у мяне былі педагогі з Мінска, майго роднага Брэста. Дзякуючы вялікай колькасці педагогаў, вопыту, набытаму на розных конкурсах, я і змагла прабіцца сюды», — адзначыла Лізавета.

Канкурсантка расказала, што на «Славянскім базары» выступіць з тым жа рэпертуарам і будзе займацца яшчэ больш старанна. «Я ведаю, што на такіх конкурсах нельга разлічваць на перамогу або паражэнне, трэба разлічваць на сваё ідэальнае выкананне, такое, якім яно павінна быць. І яшчэ да абвяшчэння вынікаў на фінальным выхадзе на сцэну я, каб адцягнуць увагу, памнажала лічбы, баючыся расплакацца. Але мы артысты і заўсёды павінны трымаць сябе ў руках», — сказала пераможца фінальнага тура.
Аб сваёй падрыхтоўцы да конкурсу расказалі і іншыя ўдзельнікі фінальнага этапу. Вакалістка з музычнага горада Маладзечна Лізавета Зянько расказала, што на рэпетыцыях панавала дружалюбная атмасфера і зусім не адчувалася саперніцтва, кожны падтрымліваў адзін аднаго. Яна адзначыла, што вельмі рада за пераможцу, а ў яе ў планах — прадаўжаць займацца і ўдзельнічаць у новых конкурсах.