Рашэнне замацавана пастановай Савета Міністраў ад 24 верасня 2026 года № 487 і датычыцца яблыкаў, якія паходзяць з дзяржаў, што не з’яўляюцца членамі ЕАЭС. Іх увоз будзе ажыццяўляцца па разавых ліцэнзіях.
Мэта рашэння — забяспечыць унутраны рынак айчыннымі яблыкамі ў міжсезонны перыяд у поўным аб’ёме з улікам высокага ўраджаю:
— У мэтах абароны ўнутранага рынку і забеспячэння нашых спажыўцоў якаснай беларускай прадукцыяй па даступных цэнах была прынята пастанова, якая прадугледжвае ўвядзенне часовай меры нетарыфнага рэгулявання тэрмінам на шэсць месяцаў у выглядзе ліцэнзавання ўвозу яблыкаў, — растлумачыў начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва і прымянення мер нетарыфнага рэгулявання МАРГ Максім Пруднікаў.
Паводле яго слоў, разавыя ліцэнзіі будзе выдаваць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненні з Мінсельгасхарчам:
— Падставай для адмовы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ў выдачы такой ліцэнзіі будзе магчымасць выкарыстання або набыцця на дату паступлення заявы яблыкаў беларускай вытворчасці, аналагічных тым, што ўвозяцца.
Дарэчы, мера не распаўсюджваецца на тавары, якія перамяшчаюцца праз тэрыторыю Беларусі ў рамках міжнародных транзітных перавозак. Не датычыцца яна і прадукцыі з дзяржаў — членаў ЕАЭС (пры наяўнасці адпаведнага сертыфіката), а таксама тавараў, што ўвозяцца ў рамках замежнай дапамогі.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізавета ГОЛАД