Top.Mail.Ru

Беларусь на палотнах братэрства

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў працуе ўнікальны праект Асацыяцыі мастакоў-пленэрыстаў Расійскай Федэрацыі «Масты сяброўства. Беларусь — Расія», прымеркаваны да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. У экспазіцыі — прыгажосць нашай краіны вачыма замежных творцаў, працавітасць і сумленнасць беларусаў на жывапісных палотнах.


Асацыяцыя мастакоў-пленэрыстаў працуе толькі з 2020 года, аднак ужо налічвае каля 500 жывапісцаў, графікаў і фатографаў з Беларусі і Расіі. Асноўная місія арганізацыі — адраджэнне і развіццё пленэрнага руху, выхаванне экалагічнага стаўлення да навакольнага асяроддзя, папулярызацыя ўнутранага турызму, прыцягненне ўвагі да тэмы захавання культурнай спадчыны чалавецтва, а таксама стварэнне спрыяльнай атмасферы для творчасці і камунікацыі мастакоў. За невялікі тэрмін свайго існавання Асацыяцыя правяла больш за 300 выставак і 500 мерапрыемстваў, у тым ліку пленэры і творчыя сустрэчы. 

З 2024 года арганізацыя актыўна развівае сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі.

— Пленэр — гэта магчымасць адлюстраваць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць на самай справе. Сёння мастакі з ўсяго свету ўсё часцей звяртаюцца да тэхнікі малявання з фатаграфіі, бо гэта значна спрашчае працэс стварэння карціны. Аднак мы ведаем, што нават самая прафесійная камера не здольная перадаць усю прыгажосць прыроды, — выступіла на адкрыцці выстаўкі куратар міжнародных праектаў Асацыяцыі мастакоў-пленэрыстаў Людміла Гурыновіч. — Нашы класікі — Левітан, Айвазоўскі, Шышкін — аддавалі перавагу пленэру. 

І гэта правільна, бо тыя фарбы, што мы бачым сваім вокам, нельга параўнаць з лічбавай копіяй.

«Масты сяброўства. Беларусь — Расія» — не проста выстаўка, дзе экспануюцца творы беларускіх і расійскіх мастакоў. Гэта наша Беларусь вачыма айчынных і замежных творцаў. Праект падзелены на дзве часткі: чалавек працы, стваральнік, творца і нязведаныя мясціны Беларусі, якія не знойдзеш на маршрутных картах турыстычных фірмаў.

— Дзякуючы нашаму супрацоўніцтву з Асацыяцыяй мастакоў-пленэрыстаў, мы ўпершыню за апошнія 30 гадоў паднялі тэму працоўнага чалавека, які будуе лепшы свет і будучыню для сваіх нашчадкаў. Гэтая тэма таксама паэтычна распрацавана і нясе ў сабе рысы высокага мастацтва. Творы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, працягваюць традыцыі, закладзеныя яшчэ ў 1917 годзе, калі быў заяўлены чалавек працы, стваральнік будучыні. Сёння не ўсе мастакі і аматары жывапісу гатовы да гэтай тэмы, аднак мы лічым, што яна як ніколі важная для супрацоўніцтва нашых краін у цэлым, і для кожнага чалавека ў прыватнасці, — адзначыў дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Сяргей Крыштаповіч.

У рамках праекта «Чалавек працы» мастакі абедзвюх краін наведалі шэраг беларускіх прадпрыемстваў, сярод якіх Мінскі гадзіннікавы завод «Луч», Мінскі трактарны завод, Віцебскі дывановы завод, Пастаўскія льнозавод і малаказавод і інш. Вынікам стала серыя работ, створаных з натуры. Здзіўляе і разнастайнасць жанраў. Тут можна ўбачыць і партрэты простых працаўнікоў, і тонкі працэс карпатлівай работы, і нацюрморты, і прамысловы пейзаж, дзе можна пазнаць найбуйнейшыя прадпрыемствы Беларусі. Мастакі працуюць у розных кірунках. Яркая і эксцэнтрычная манера экспрэсіянізму, рамантычны рэалізм і мяккая тэхніка постімпрэсіянізму не пакінуць абыякавым нікога.

Другая частка экспазіцыі прысвечана «невядомай Беларусі» — тым месцам, якія рэдка наведваюць турысты. Асацыяцыя паставіла перад сабой задачу: папулярызаваць турыстычны патэнцыял рэгіёнаў на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. «Я сама нарадзілася і амаль усё жыццё правяла ў Беларусі. Таму, калі ўпершыню прыехалі з Асацыяцыяй на пленэр у Мінск, мне было важна пазнаёміць творцаў са славутымі мясцінамі маёй Радзімы. У расіян ёсць шмат стэрэатыпаў, што тут, акрамя Мінска, няма цікавых мясцін. І я паставіла задачу змяніць гэтае меркаванне і паказаць „невядомую“ Беларусь», — падзялілася Людміла Гурыновіч.

Мастакі правялі пленэры ў Мінску, Віцебску, Паставах, Лынтупах і іншых населеных пунктах Беларусі. Большая частка работ гэтай серыі прысвечана віцебскім краявідам і спадчыне Марка Шагала. Разам з творцамі гледачы могуць убачыць помнік знакамітаму мастаку на Пакроўцы, прайсціся па мясцінах Шагала і наведаць Успенскі сабор, ратушу і ціхія гарадскія дворыкі, дзе захавалася гісторыя. Беларуская вёска на палотнах расійскіх творцаў паўстае ў асабліва рамантычнай атмасферы, дзе прыгожая прырода і просты побыт зліваюцца ў спакойную і гарманічную карцінку быцця. Усяго ў экспазіцыі прадстаўлена каля 90 жывапісных і графічных работ мастакоў з Беларусі і Расіі.

У Беларусі развіццё атрымаў праект Асацыяцыі «Каардынаты гісторыі», прысвечаны старадаўнім сядзібам. Мастакі стварылі серыю работ у былой сядзібе Ільі Рэпіна «Здраўнёва», наведалі сядзібу Бішэўскіх у Лынтупах.

Выстаўка працуе да 27 красавіка. Падчас работы экспазіцыі будуць ладзіцца куратарскія экскурсіі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю