Top.Mail.Ru

Беларусь на пляцоўцы ААН у Вене ініцыявала абмеркаванне пагрозы выкарыстання ШІ ў гандлі людзьмі

У Венскім міжнародным цэнтры па ініцыятыве Беларусі як старшыні Групы сяброў, якія аб’ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі, адбылося мерапрыемства, прымеркаванае да Сусветнага дня барацьбы з гандлем людзьмі, паведаміла  БелТА са спасылкай на арганізатараў.


Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі штогод адзначаецца 30 ліпеня згодна з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН 68/192. У 2026 годзе памятныя мерапрыемствы праходзяць пад дэвізам «У пастцы махлярства», які павінен прыцягнуць увагу да ўзрастаючай пагрозы гандлю людзьмі ў мэтах прымушэння да злачыннай дзейнасці і эксплуатацыі ў рамках анлайн-махлярскіх схем.

У мерапрыемстве прыняла ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ірына Вялічка. Адкрываючы пасяджэнне, беларускі дыпламат звярнула ўвагу на тое, што гандаль людзьмі застаецца адным з найбольш цяжкіх транснацыянальных злачынстваў, які захоўвае высокую адаптыўнасць да змяненняў тэхналагічнага асяроддзя. Было адзначана, што злачынныя групы актыўна выкарыстоўваюць лічбавыя платформы і штучны інтэлект для ўцягвання ахвяр у махлярскія схемы і проціпраўную дзейнасць.

Развіццё лічбавых тэхналогій і штучнага інтэлекту суправаджаецца з’яўленнем новых рызык, што абумоўлівае неабходнасць узмацнення каардынацыі і павышэння эфектыўнасці міжнародных мер рэагавання.

У сувязі з гэтым Ірына Вялічка акцэнтавала ўвагу на значнасці прынятай па ініцыятыве Беларусі і Казахстана на 35-й сесіі Камісіі ААН па прадухіленні злачыннасці і крымінальным правасуддзі (Вена, 1-5 чэрвеня) рэзалюцыі, прысвечанай процідзеянню гандлю людзьмі ў мэтах прымушэння да злачыннай дзейнасці.

У ходзе мерапрыемства адбыўся абмен думкамі па пытаннях процідзеяння новым формам гандлю людзьмі і ўмацавання міжнароднага ўзаемадзеяння, уключаючы дзейнасць профільных структур сістэмы ААН і міждзяржаўных фарматаў супрацоўніцтва.

Была пацверджана гатоўнасць Венскага аддзялення Групы сяброў, якія аб’ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі, і далей садзейнічаць умацаванню міжнароднага супрацоўніцтва, узаемадзейнічаючы з Упраўленнем ААН па наркотыках і злачыннасці, арганізацыямі Міжустаноўскай каардынацыйнай групы па барацьбе з гандлем людзьмі (ICAT), дзяржавамі, грамадзянскай супольнасцю і прыватным сектарам.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаў — членаў ААН, міжнародных арганізацый і экспертнай супольнасці, акрэдытаваныя ў Вене.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю