Top.Mail.Ru
300

Беларусь на пляцоўцы ПА АБСЕ прапанавала пачаць фарміраванне новай еўразійскай архітэктуры бяспекі

Аб гэтым на 23-м пасяджэнні Пастаяннага камітэта Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якое 17–19 лістапада праходзіць у Стамбуле, заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Парламенцкай асамблеі АБСЕ Сяргей РАЧКОЎ. 


Прадстаўнік Беларусі адзначыў, што сёння на Еўрапейскім кантыненце дамінуюць супрацьстаянне і недавер. Па яго словах, АБСЕ ўсё менш нагадвае інклюзіўную пляцоўку для дыялогу і ўсё больш — арэну палітычных абвінавачанняў і ўзаемных папрокаў. «Беларусь пераканана: будучыня АБСЕ залежыць не ад таго, хто зойме пасаду старшыні, і нават не ад таго, ці будзе прыняты бюджэт арганізацыі, — удакладніў Сяргей Рачкоў. — Лёс нашай арганізацыі залежыць ад палітычнай волі дзяржаў-удзельніц аднавіць павагу, дыялог і давер — тое, дзеля чаго „Хельсінкі-1975“ увогуле адбываўся».

Парламентарый падкрэсліў, што Беларусь цвёрда выступае за аднаўленне сапраўдных прынцыпаў Хельсінкскага заключнага акта — раўнапраўя, непадзельнасці бяспекі і неўмяшання ва ўнутраныя справы. «Знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, Беларусь як ніхто іншы зацікаўлена ў аднаўленні міру, бяспекі і стабільнасці на Еўрапейскім кантыненце і робіць для гэтага ўсё магчымае, — падкрэсліў Сяргей Рачкоў. — Аднак складваецца ўражанне, што Еўропе мір не патрэбны. Палітыкі забыліся, якія жахі прынесла Другая сусветная вайна. Паверылі, што нарошчванне ваеннага патэнцыялу можа засцерагчы ад небяспекі. Гэта шлях у нікуды».


Беларусь прапануе пачаць прадметную работу па фарміраванні новай еўразійскай архітэктуры бяспекі, якая ахоплівае ўсю агульную геаграфію ад Ванкувера да Уладзівастока, ад Рэйк’явіка да Шанхая. Абмеркаванне будучыні АБСЕ і еўразійскай бяспекі, па словах дэпутата Палаты прадстаўнікоў, павінна праходзіць у канструктыўным, інклюзіўным фармаце. Беларусь гатова прымаць у сябе падобныя сустрэчы, у тым ліку на пляцоўцы Мінскай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, якая ўжо стала традыцыйнай.

Сяргей Рачкоў звярнуў увагу на тое, што колькасць тых, хто гатовы да дыялогу і неабыякава ставіцца да нашай будучыні, няўхільна расце. Ён праінфармаваў, што на пляцоўцы ПА АБСЕ прайшоў грунтоўны абмен меркаваннямі па шырокім спектры пытанняў бяспекі: ад ваенна-палітычных аспектаў да барацьбы з транснацыянальнымі выклікамі і пагрозамі, такімі як нелегальная міграцыя, інфармацыйная і эканамічная бяспека.

Парламентарый падкрэсліў, што Беларусь інвесціруе ў дыпламатыю, а не ва ўзбраенне. «Мы запрашаем усе дзяржавы-ўдзельніцы да дыялогу без папярэдніх умоў і палітычных патрабаванняў», — заўважыў Сяргей Рачкоў, удакладніўшы, што 50 гадоў таму ў Хельсінкі лідары даказалі, што дыпламатыя мацнейшая за зброю, што дыялог здольны пераадолець самыя глыбокія супярэчнасці.

Вераніка КАНЮТА.
Фота прэс-службы Палаты прадстаўнікоў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю