Top.Mail.Ru

Беларусь накіравана на актыўнае выбудоўванне супрацоўніцтва з Афрыкай і Азіяй

Аб гэтым заявіў журналістам міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, падводзячы вынікі свайго візіту ў Нью-Ёрк для ўдзелу ў мерапрыемствах 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.


«Вы ведаеце дакладнае даручэнне Прэзідэнта і нацэленасць ісці сёння ў Азію, ісці вельмі моцна ў Афрыку, чапляцца за любыя магчымасці па прасоўванні нашых тавараў, па прасоўванні інвестпраектаў, па рэалізацыі сумесных ініцыятыў у галіне стварэння нейкага прадукту або яго прасоўвання на нейкія іншыя рынкі. Менавіта гэтым абумоўліваецца тое, што большасцю маіх сустрэч (на палях Генасамблеі ААН. — „Зв.“) былі сустрэчы з маімі калегамі з краін Афрыкі, Азіі. І калі мы гаворым аб практычнай карысці ад гэтых сустрэч, то абмяркоўваліся канкрэтныя параметры візіту Прэзідэнта ў шэраг краін», — расказаў Максім Рыжанкоў.

Міністр не стаў раскрываць падрабязнасці, падкрэсліўшы, што падрыхтоўка такога кшталту мерапрыемстваў патрабуе цішыні. «Але мы поўнасцю адпрацавалі вялікі комплекс пытанняў з некалькімі краінамі адносна візітаў кіраўніка дзяржавы», — дадаў ён.

Акрамя таго, з замежнымі партнёрамі былі абмеркаваны пытанні пастаўкі беларускай тэхнікі, садзейнічанне ў механізацыі сельскай гаспадаркі. «Перш за ўсё ідзе размова аб Афрыцы. Гэта Тога, Гана, Батсвана, Эфіопія, дзе такія праекты ўжо на фінальнай стадыі рэалізацыі. Расстаўляліся апошнія кропкі адносна таго, калі і як будуць рэалізаваны гэтыя праекты», — падкрэсліў кіраўнік МЗС.

Максім Рыжанкоў расказаў, што на яго сустрэчах з партнёрамі з Азіі, якія прайшлі на палях Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, абмяркоўваліся пытанні не толькі двухбаковага характару, але і супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях.

«Гэта пытанні нашага прасоўвання ў міжнародных арганізацыях. Аб гэтым таксама ішла размова з дзяржавамі, якія з’яўляюцца членамі адпаведных арганізацый, дапусцім, па лініі АСЕАН, і на чыю падтрымку мы сёння разлічваем, рыхтуючыся далучыцца да Балійскага працэсу і быць больш заўважнымі ў тым рэгіёне», — адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве ў Паўднёва-Усходняй Азіі (Балійскі дагавор) быў падпісаны 24 лютага 1976 года ў Інданезіі і заклаў аснову супрацоўніцтва краін — удзельніц АСЕАН, вызначыўшы будучы фармат арганізацыі. Краіны АСЕАН выказалі адзіную думку адносна рэгіянальнай бяспекі, пытанняў суверэнітэту і мірнага ўрэгулявання канфліктаў. Падпісваючы Балійскі дагавор, кіраўнікі краін, якія заснавалі АСЕАН, замацоўвалі права кожнай дзяржавы на існаванне, свабоднае ад якога-небудзь знешняга ўмяшання і ўнутранай падрыўной дзейнасці.

Максім Рыжанкоў адзначыў важнасць таго, каб голас Беларусі гучаў на міжнароднай арэне, а аднадумцы бачылі ў краіне надзейнага партнёра.

«Важна даносіць да міжнароднай грамадскасці рэчы, якія мы разумеем як асноватворныя сённяшняга развіцця агульнасусветных тэндэнцый сітуацыі. Дзесьці падзяліцца вопытам, дзесьці прыцягнуць увагу да нейкіх праблем, якія мы бачым. Гэта вельмі важна і для таго, каб нашы аднадумцы бачылі, што мы — аднадумцы і наш голас агульны, ён значна гучней, чым голас адной краіны, — сказаў міністр. — Мы яшчэ больш пераканаліся ў тым, што наша справа праўдзівая. Як гаворыцца, мы пераможам. Сёння глабальная большасць будуе сучасны свет, мы таксама частка гэтай большасці. Уласна кажучы, з аднадумцамі мы яго і пабудуем».

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю