Міністр замежных спраў Максім РЫЖАНКОЎ у Жэневе правёў сустрэчу з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
На сустрэчы адбыўся крытычны абмен думкамі аб становішчы з правамі чалавека ў свеце. Міністр падкрэсліў, што Беларусь працягне супрацьстаяць маніпуляванню праваабарончымі інструментамі, якое прыводзіць да таго, што правы чалавека ў так званых «сталых дэмакратыях» рэзка дэградуюць, а Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека на гэтым сумным фоне канцэнтруецца на няўгодных Захаду краінах, у тым ліку Беларусі. Максім Рыжанкоў запрасіў Вярхоўнага камісара наведаць Беларусь, каб асабіста азнаёміцца з рэальнай сітуацыяй з правамі чалавека ў краіне.
Наша краіна не мае намеру ўвязвацца ў вар’яцкую гонку ўзбраенняў, заявіў міністр замежных спраў Беларусі падчас удзелу ў сегменце высокага ўзроўню Канферэнцыі ААН па раззбраенні: «Мы, вядома ж, не маем намеру ўвязвацца ў шалёны закуп дарагой зброі і кратнага павелічэння ўзброеных сіл, правакуючы далейшую канфрантацыю. Гэта бескарысна. Ды і ў нас ёсць на што выдаткоўваць дзяржаўныя грошы: ахова здароўя, сацыяльныя патрэбы, развіццё, дарогі, стварэнне бяспечнага асяроддзя для нашых грамадзян».
У той жа час ён падкрэсліў, што Беларусь паслядоўна і празрыста для суседзяў і міжнароднай супольнасці робіць вымушаныя крокі ў адказ па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі і ўмацаванні абараназдольнасці краіны, у тым ліку пры падтрымцы найбліжэйшага саюзніка — Расіі. «Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі не нясе пагроз трэцім краінам. Хопіць казаць аб пагрозе „рускія ідуць“. Нікуды яны далей не прыйдуць: ні ў Берлін, ні ў Парыж. І не трэба ліць ваду на млын рыторыкі ваенна-прамысловых камітэтаў і звязаных з імі палітычных колаў. Асабліва кажу гэта для НАТА. Мы ажыццяўляем сваё супрацоўніцтва з Расіяй у рамках міжнароднага права і ў строгай адпаведнасці з палажэннямі Дагавора аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі», — заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
Ён нагадаў, што Беларусь і Расія падпісалі дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы, якая прадугледжвае выкарыстанне для абароны любых відаў зброі, уключаючы ядзерную. «Выключна ў абарончых мэтах на тэрыторыі Беларусі будуць размешчаны расійскія балістычныя ракеты „Арэшнік“. Падкрэслю, гэта вымушаная мера. Калісьці ў 1990-х гадах Беларусь даверылася заходнім краінам і зрабіла свядомы выбар на карысць адмовы ад валодання ўласнай ядзернай зброяй без умоў і агаворак. Так, мы атрымалі гарантыі бяспекі ў вядомым Будапешцкім мемарандуме. Але яго гарантыі былі растаптаны Захадам. Нашы аргументы пасля пачуты не былі. І ў выніку мы вярнуліся ў першапачатковую кропку, — сказаў Максім Рыжанкоў. — І яшчэ раз паўтару: наяўнасць у нас ядзернай зброі стрымлівання супраць магчымай знешняй ваеннай агрэсіі робіць мільярдныя выдаткі нашых суседзяў на ўзбраенне бескарыснымі. Пераможцаў у такой вайне не будзе».
Чаму на змену парадыгме раззбраення і бяспекі, заснаванай на даверы, супрацоўніцтве, прыйшла канфрантацыя і новая гонка ўзбраенняў? «Адказ відавочны. Таму што, мабыць, і гэта самае галоўнае, асобныя краіны адчулі перамогу ў халоднай вайне, сталі грэбаваць прынцыпам роўнай і непадзельнай бяспекі і пагардліва ігнараваць законныя заклапочанасці іншых краін», — падкрэсліў Максім Рыжанкоў.
Паводле яго слоў, усё гэта стала трыгерам беспрэцэдэнтнай эскалацыі міждзяржаўных супярэчнасцяў. Прывяло да паралічу Канферэнцыі па раззбраенні, дэмантажы ключавых дамоўленасцяў у сферы раззбраення і кантролю над узбраеннямі.
«Гэта ў тым ліку вылілася і ў канфлікт ва Украіне, які праецыруецца не толькі на Еўрапейскі рэгіён, але і прывёў да абвастрэння крызісаў, у тым ліку эканамічных, у іншых рэгіёнах свету», — звярнуў увагу міністр.
Наша краіна вітае распачаты дыялог паміж Расіяй і ЗША па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, адзначыў Максім Рыжанкоў. «Шчыра разлічваем на палітычную волю і мудрасць дыпламатыі па вяртанні міру ў наш рэгіён», — сказаў міністр. Нам усім трэба перастаць глядзець адзін на аднаго праз прыцэл і размаўляць у фармаце палітычных ультыматумаў і шалёных эканамічных санкцый, заклікаў кіраўнік беларускага МЗС. Паводле яго слоў, кіруючыся гэтым падыходам, Беларусь летась правяла міжнародную канферэнцыю па еўразійскай бяспецы, якая пацвердзіла запыт на справядлівую, бяспечную і ўстойлівую архітэктуру міжнародных адносін.
«Мы ўбачылі зацікаўленасць у развіцці дыялогу па аб’яднальным парадку дня, пошуку новых фарматаў узаемадзеяння. Ва ўсіх абсалютна краінах, у тым ліку краінах Захаду, — заявіў міністр. — Я маю на ўвазе экспертаў, аналітыкаў, прадстаўнікоў навуковых колаў». Па просьбе міжнародных экспертаў і шэрагу дзяржаў Беларусь вырашыла працягваць выкарыстоўваць фармат мінскай канферэнцыі ў якасці пляцоўкі для дыялогу, таму гэтай восенню Беларусь правядзе ІІІ Мінскую канферэнцыю па еўразійскай бяспецы. «Мы запрашаем усіх зацікаўленых на адкрыты дыялог», — дадаў кіраўнік МЗС.
Шлях да глабальнага міру і раззбраення ляжыць праз аднаўленне даверу, строгае прытрымліванне прынцыпу роўнай і непадзельнай бяспекі для ўсіх дзяржаў, праз раўнапраўны і ўзаемапаважлівы дыялог, заявіў беларускі дыпламат. Ён згадаў словы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які неаднаразова падкрэсліваў, што задача ва ўсіх павінна быць адна — адвесці свет ад прорвы. Гэта значыць, зберагчы мір ад войн, адрадзіць цывілізаваныя зносіны, захаваць чалавечыя каштоўнасці і перадаць наш агульны мірны дом у надзейныя рукі будучым пакаленням.