Top.Mail.Ru

Беларусь прымае ІІІ Беларуска-расійскі турыстычны кангрэс

З 8 да 11 красавіка ў нашай краіне пройдзе ІІІ Беларуска-расійскі турыстычны кангрэс. І чарговы раз ён абяцае стаць адной з ключавых падзей для прафесіяналаў туріндустрыі з абедзвюх краін. Кангрэс прысвечаны актуальным пытанням узаемадзеяння Беларусі і Расіі ў сферы турызму, абмеркаванню бягучага стану спраў у турбізнесе, а таксама гарманізацыі заканадаўства і прапановах па развіцці тургаліны Саюзнай дзяржавы.


Дзелавая праграма і рэстаранная прэмія

Сёлета праграма ахоплівае больш за 10 тэматычных секцый, уключаючы гастранамічны, аздараўленчы, прамысловы, экалагічны і аўтатурызм, а таксама пытанні інвестыцый, развіцця інфраструктуры і нарматыўна-прававога рэгулявання. Штогод мерапрыемства збірае больш за 600 удзельнікаў з Расіі і Беларусі.

У рамках кангрэса 8 красавіка запланаваны круглы стол «Гастранамічныя брэнды як сродак прасоўвання дэстынацый», а таксама ўпершыню пройдзе цырымонія ўручэння прэстыжнай рэстараннай прэміі WHERETOEAT найлепшым гастранамічным праектам Беларусі. Па выніках работы экспертнай камісіі ў Беларусі на працягу трох месяцаў апублікаваны лонг-ліст найлепшых рэстаранаў у Беларусі. У яго ўвайшлі 200 устаноў з 12 гарадоў. На цырымоніі будзе аб’яўлены ТОП-10, якія будуць уключаны ў міжнародны гід прэміі для турыстаў.

Асноўныя дзелавыя мерапрыемствы пройдуць 

9 красавіка. У гэты дзень запланавана пленарнае пасяджэнне, біржа кантактаў у фармаце В2В, прэзентацыі рэгіёнаў Расіі і каля васьмі галіновых дыскусій і круглых сталоў.

Як адзначыў старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза туріндустрыі Філіп ГУЛЫ, звыш 90 % айчыннага тавараабароту ў турыстычнай сферы звязана з Расіяй. Кангрэс праводзіцца ўжо трэці раз, і сакрэт яго поспеху ў тым, што ён запатрабаваны бізнесам. Летась, напрыклад, з краіны-суседкі для ўдзелу прыехалі прадстаўнікі 25 расійскіх рэгіёнаў, сярод іх — Ніжагародская, Варонежская, Пензенская, Пскоўская, Калужская, Уладзімірская, Курская, Свярдлоўская вобласці, Кузбас, Башкартастан, Прыморскі край, Дагестан, Марый Эл і інш.

Адным з важных кірункаў форуму стане інвестыцыйны. Як расказаў дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Дзмітрый КАСОЎСКІ, у агенцтве на сёння працуюць над 74 інвестпраектамі з 21 краіны з патэнцыялам інвеставання на агульную суму 0,5 мільярда долараў і стварэннем 2 тысяч працоўных месцаў. 

У тым ліку ў суправаджэнні і чатыры турыстычныя праекты: будаўніцтва шматфункцыянальнага гатэля ў Мінску, стварэнне СПА-комплексу, праект па палатачным гарадку і ўстаноўка ў Мінску назіральных бінокляў.

На самалёце — у восем расійскіх гарадоў

Садзейнічае развіццю турыстычных напрамкаў і адкрыццё новых авіярэйсаў. Для авіякампаніі «Белавія» расійскі рынак з’яўляецца адным з ключавых. Летам яна будзе ажыццяўляць рэгулярныя рэйсы ў 10 расійскіх аэрапортаў, уключаючы тры аэрапорты Маскоўскага авіяцыйнага вузла («Шарамецьева», «Дамадзедава», «Унукава»). Акрамя гэтага, ёсць два сезонныя напрамкі — Мурманск і Махачкала. Прычым, як адзначыла начальнік службы маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ «Авіякампанія «Белавія» Кацярына РАДЗІШЭЎСКАЯ, яны маюць сваю спецыфіку: калі ў Махачкалу актыўна едуць беларусы для адпачынку на мора, то мурманскі рэйс, наадварот, карыстаецца папулярнасцю ў расіян, якія летам едуць на адпачынак у Беларусь. Таксама «Белавія» традыцыйна ажыццяўляе пералёты ў Санкт-Пецярбург, Казань, Калінінград, Сочы і Екацярынбург.

Апошнім часам рэйсы выконваюцца не толькі з Мінска. «Белавія» актыўна пашырае палётную праграму з абласных гарадоў. Сёння выконваюцца рэгулярныя рэйсы ў Маскву і Санкт-Пецярбург з Брэста і Гомеля. Прычым рэйс Брэст — Санкт-Пецярбург быў адкрыты зусім нядаўна, 2 красавіка. А з 28 красавіка з’явіцца новы рэгулярны рэйс Магілёў — Масква.

— Мяркуем, што тураператары будуць прапаноўваць расійскім турыстам новыя камбінаваныя туры ў некалькі гарадоў, якія будуць больш зручнымі за кошт транспартнага складніка, — адзначыла Кацярына Радзішэўская.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю