З 18 па 22 мая Беларусь прымае нацыянальны семінар МАГАТЭ «Стратэгіі абароны і інфармавання грамадскасці ў выпадку ядзернай або радыяцыйнай аварыі» ў рамках праекта МАГАТЭ «Удасканаленне нацыянальнай інфраструктуры радыяцыйнага маніторынгу і сістэмы аварыйнага рэагавання», расказалі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.
Галоўная мэта семінара — зрабіць гатоўнасць да надзвычайных сітуацый больш усвядомленай і сістэмнай. Для гэтага неабходна абменьвацца вопытам у галіне міжнародных патрабаванняў бяспекі, наладжвання давернай камунікацыі з грамадствам і прымянення ахоўных мер.

Адкрываючы сустрэчу, памочнік міністра — прэс-сакратар МНС Яўген Бараноўскі падкрэсліў, што імклівае развіццё тэхналогій і рост трансгранічных рызык патрабуюць ад дзяржаў асаблівай адказнасці і высокай культуры бяспекі. Ён нагадаў, што для Беларусі тэма ядзернай і радыяцыйнай бяспекі мае прынцыповае значэнне:
— Наша краіна мае сучасныя аб’екты выкарыстання атамнай энергіі, актыўна ўзаемадзейнічае з міжнароднымі арганізацыямі і паслядоўна ўмацоўвае нацыянальную сістэму гатоўнасці і рэагавання, — адзначыў Яўген Бараноўскі. — Беларусь робіць стаўку на празрыстасць, прафесіяналізм і пастаяннае павышэнне кампетэнцый спецыялістаў, а такія семінары дазваляюць аб’яднаць намаганні экспертаў і абмяняцца лепшымі практыкамі.

Сярод запрошаных замежных экспертаў — прадстаўнік МАГАТЭ Наяна Джаяраджан. Яна падрабязна спынілася на тым, як размаўляць з людзьмі ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі. Эфектыўнае інфармаванне, на яе думку, немагчыма без тлумачэння складанай інфармацыі даступнай мовай. У большасці людзей няма профільнай адукацыі ў гэтай сферы, таму паведамленні для насельніцтва павінны быць максімальна простымі і паслядоўнымі. Толькі так можна пераканаць грамадскасць прытрымлівацца рэкамендацый падчас аварыі ці іншай няштатнай сітуацыі. Людзі чакаюць ад дзяржавы аператыўнай дапамогі і дакладных арыенціраў, і чым ясней гэтыя арыенціры, тым ніжэй рызыка панікі, адзначыла эксперт.
У сваю чаргу прадстаўнік Сітуацыйна-крызіснага цэнтра Расатама Антон Сударчыкаў расказаў аб мэтах аварыйнага рэагавання і міжнародных стандартах у гэтай галіне. Ён падкрэсліў, што ўзяць сітуацыю пад кантроль як мага раней — значыць істотна знізіць наступствы здарэння. Асобная ўвага ў дакладзе была нададзена інфармаванню насельніцтва і выбудоўванню дыялогу з грамадствам.
Аміна НАЗАРАВА
Фота МНС Беларусі