Беларусь разлічвае выйсці на новы этап узаемаадносін з Рэспублікай Комі, пры гэтым ужо дасягнуты вынікі па многіх кірунках. Пра гэта заявіла намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Пяткевіч падчас сустрэчы са старшынёй урада Рэспублікі Комі Дзмітрыем Братыненкам, паведамляе БелТА.
Паводле яе слоў, супрацоўніцтва з Рэспублікай Комі актыўна развіваецца, па ўсіх кірунках знойдзены пункты судакранання. «Падчас вашага візіту запланавана шырокая культурная праграма. Мы не проста супрацоўнічаем, а сябруем. Ёсць пэўныя эканамічныя поспехі, эканамічныя інтарэсы, дастаткова сур’ёзныя праекты. Што датычыцца адкрыцця нашага сэрвіснага цэнтра, мы спадзяёмся, што прыйдзем да гэтага рашэння», — сказала Наталля Пяткевіч. Паводле яе слоў, таксама ёсць сур’ёзныя намеры па адкрыцці «Беларускай вёскі», дзе будзе прадстаўлена сельскагаспадарчая прадукцыя.
Развіваецца і гуманітарнае супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў галіне адукацыі, культуры, навукі. «Мы абмяняліся нашымі дасягненнямі ў галіне кінавытворчасці. Вы прадставілі ў пашыраным фармаце культуру свайго рэгіёна», — адзначыла віцэ-прэм’ер.
«Добры зачын ёсць. Спадзяюся, што наша цяперашняя работа і ваш прыезд азнамянуюць новы этап нашых узаемаадносін. У нас ёсць што яшчэ вам прапанаваць», — падкрэсліла Наталля Пяткевіч.