У Нацыянальным агенцтве па турызме далі старт Нацыянальнаму конкурсу па стварэнні канцэпцыі турыстычнага вобраза Беларусі «Вобраз Беларусi. Позiрк i адкрыццё». Удзельнікам прапануюць распрацаваць запамінальны лагатып і слоган для нашай краіны. Лепшая канцэпцыя ляжа ў аснову турыстычнага вобраза Беларусі і будзе працаваць на доўгатэрміновую перспектыву.
Аўтараў наймацнейшых работ чакаюць грашовыя ўзнагароды. Агульны прызавы фонд складае 22 000 беларускіх рублёў. Пераможца атрымае 10 000 беларускіх рублёў, за другое месца прадугледжана 7000 беларускіх рублёў, за трэцяе — 5000 беларускіх рублёў.
Прыняць удзел у конкурсе можа кожны ахвотны. Заяўкі прымаюцца як ад фізічных, так і ад юрыдычных асоб. Дапускаецца як індывідуальная, так і калектыўная падача конкурснай работы.
Заяўкі збіраюць да 1 лістапада. Пасля гэтага камісія адбярэ да 20 работ, якія выйдуць на грамадскае анлайн-галасаванне.
Рэгістрацыя ўдзельнікаў і падрабязная інфармацыя — на сайце Нацыянальнага конкурсу.
Сацыяльныя сеткі Нацыянальнага агенцтва па турызме: Instagram — @belarus.travel, Telegram-канал — #ПазнайБеларусь.