Top.Mail.Ru

Беларусь супрацоўнічае па 45 сумесных навуковых праектах больш як з 50 краінамі свету

Сумесныя распрацоўкі беларускіх і замежных навукоўцаў ахопліваюць самы шырокі спектр галін — ад электраэнергетыкі і мікраэлектронікі да аграпрамысловага комплексу і гуманітарных даследаванняў, ад космасу да медыцыны. Асаблівая ўвага ўдзяляецца высокатэхналагічным распрацоўкам — менавіта яны фарміруюць аснову будучага эканамічнага росту.

28 кірункаў — 28 навацый

Самае цеснае супрацоўніцтва айчынная навуковая супольнасць ажыццяўляе сёння з шасцю краінамі — Расіяй, Кітаем, Індыяй, Турцыяй, Манголіяй і Узбекістанам, адзначыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Дзяніс КАРЖЫЦКІ:

— Вельмі важна, што наша ўзаемадзеянне не абмяжоўваецца абменам вопытам і пошукам сумесных напрамкаў для даследаванняў. Супрацоўніцтва з гэтымі краінамі пераходзіць у практычную плоскасць. А вынікам яго становяцца канкрэтныя распрацоўкі ў розных сферах дзейнасці.


Сумесная работа з замежнымі партнёрамі наладжана па такіх стратэгічных напрамках, як біяфармацэўтыка, ахова здароўя, медыцынскія вырабы, космас, хімічная вытворчасць, металургія і іншых.

— Па завершаных 28 праектах было распрацавана 28 навацый, — канстатаваў Дзяніс Леанідавіч. — Больш за палову з іх адносіцца непасрэдна да прамысловасці — распрацаваны новыя віды абсталявання, методыкі, тэхналогіі вытворчасці розных вырабаў і гэтак далей.

Па словах Дзяніса Каржыцкага, сёлета геаграфія супрацоўніцтва ў навуковай сферы пашырылася:

— Заключана міжурадавае пагадненне па навуковым супрацоўніцтве з Алжырам. На новы ўзровень выйшла і партнёрства з Кітаем. Дарэчы, 20 студзеня 2027 года Беларусь і КНР адзначаць 35-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін, і за гэты перыяд нашы краіны прайшлі шлях ад першых кантактаў да ўзорнага ўсепагоднага партнёрства, у якім навука і тэхналогіі займаюць адно з цэнтральных месцаў.


Падобнае ўзаемадзеянне можа стаць і добрым вопытам, і прыкладам для дзяржаў глабальнага Поўдня, з якімі супрацоўніцтва толькі-толькі наладжваецца, лічыць Дзяніс Леанідавіч.

На службе ў людзей і эканомікі

Не абмяжоўваючыся агульнымі фразамі, старшыня дзяржкамітэта прывёў канкрэтныя факты практычнага прымянення сумесных распрацовак у самых розных сферах. Напрыклад, дзякуючы сумеснаму з Расіяй праекту навукоўцы распрацавалі інавацыйную прыладу для фіксацыі фрагментаў сцегнавой косткі ў дзяцей, якія пакутуюць ад ДЦП.
— Гэты камплект здольны значна змяніць якасць жыцця такіх дзяцей, — растлумачыў Дзяніс Каржыцкі. — Дарэчы, з выкарыстаннем распрацаваных імплантатаў і метаду лячэння ўжо прааперыравана шасцёра дзяцей. Патрэба ў такіх імплантатах у Беларусі складае каля 300 камплектаў у год.

Дзяніс Каржыцкі завастрыў увагу на яшчэ адным важным моманце — арыенціровачны кошт хірургічнай навінкі ў 1,9–2,5 раза ніжэйшы за кошт падобных камплектаў замежнай вытворчасці.


Разам з індыйскімі калегамі беларускія навукоўцы рэалізавалі важны праект — па распрацоўцы метадалогіі фарміравання прэцызійных вырабаў складанай формы і мініяцюрных памераў метадам мікраінжэкцыйнага фармавання.

— Наколькі важная гэтая распрацоўка для беларускай эканомікі, кажа той факт, што яе спажыўцамі стануць такія вядучыя айчынныя прадпрыемствы, як ААТ «СветлагорскХімвалакно», філіял «Завод Хімвалакно» ААТ «Гродна Азот», ААТ «Магілёўхімвалакно», ААТ «Полацк-Шкловалакно», ААТ «Беларускабель» і шэраг расійскіх прадпрыемстваў аналагічнага профілю.


Навукова-тэхналагічны зачын для стварэння высокаэфектыўных мікрадысплэяў новага пакалення для сістэм віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, мініяцюрных дысплэйных модуляў для партатыўных прылад (цеплавізараў, прыцэлаў і г. д.) фарміруе сумесная распрацоўка БДУІР і Санкт-Пецярбургскага нацыянальнага даследчага Акадэмічнага ўніверсітэта імя Ж.І. Алфёрава РАН.

Дзякуючы беларуска-кітайскаму праекту па распрацоўцы новых высокатрывалых, пластычных і гарачатрывалых сплаваў з’явіліся навацыі, якія ўдасканальваюць метады эксперыментальных даследаванняў для дакладнай ацэнкі фізіка-механічных характарыстык без выкарыстання грувасткага лабараторнага абсталявання.
Вынікам яшчэ аднаго беларуска-кітайскага праекта стала распрацоўка метаду прагназавання прагрэсіравання фіброзу лёгкіх у пацыентаў з хранічнымі захворваннямі гэтага органа, якія пражываюць ва ўмовах забруджанай атмасферы.

— Гэты метад ужо ўкаранёны ў работу ўстаноў аховы здароўя. Ім карыстаюцца Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр пульманалогіі і фтызіятрыі, Мінскі клінічны кансультатыўна-дыягнастычны цэнтр, а матэрыялы даследавання ўключаны ў навучальны працэс Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, — адзначыў Дзяніс Каржыцкі.

Алена ВІНАГРАДАВА

фота Лізаветы Голад

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю