Сёння адзначаецца галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці — Дзень Незалежнасці. У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя дні і падзеі, якія становяцца пунктам адліку новага этапу ў гісторыі дзяржавы і садзейнічаюць яднанню ўсіх грамадзян. Для Беларусі такой вяхой з’яўляецца дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта гэта гістарычная дата стала Днём Незалежнасці, звязаўшы разам святыя словы — Свабода і Незалежнасць.
Рашэнне аб святкаванні Дня Незалежнасці 3 ліпеня было прынята ў 1996 годзе — па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 24 лістапада. За адабрэнне гэтага пытання прагаласавалі 88,18 працэнта рэспандэнтаў. У снежні таго ж года дэкрэтам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ўстаноўлена дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі). Ён з’яўляецца афіцыйным выхадным днём.
Гэта свята стала сімвалам нацыянальнага адраджэння нашай дзяржавы. Рашэнне аб святкаванні Дня Незалежнасці 3 ліпеня — гэта даніна гераізму і стойкасці беларускага народа, самаадданай барацьбе падпольшчыкаў і партызан, небываламу працоўнаму подзвігу тых, хто аднаўляў рэспубліку з руін, будаваў заводы, дамы, школы, хто выпускаў першую прадукцыю на прадпрыемствах.

Перамога, без якой не было б беларускай дзяржаўнасці
У ходзе Беларускай наступальнай аперацыі пад кодавай назвай «Баграціён» (буйнейшай стратэгічнай аперацыі перыяду Вялікай Айчыннай вайны) пры ўзаемадзеянні 1-га і 3-га Беларускіх франтоў і пры падтрымцы партызан 3 ліпеня 1944 года сталіца Беларусі была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наступальная аперацыя «Баграціён» мела выключнае значэнне для беларусаў, таму датай незалежнасці і быў выбраны дзень вызвалення сталіцы нашай рэспублікі. 3 ліпеня — вечны сімвал свабоды і любові да Радзімы, за якую беларусы аддавалі самае каштоўнае — свае жыцці.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь першая прыняла на сябе ўдары гітлераўцаў, а Мінск на другі дзень вайны быў падвергнуты бязлітаснай бамбардзіроўцы і артылерыйскаму абстрэлу. Горад быў поўнасцю разбураны, былі выведзены са строю водаправод, электрасетка, пашкоджаны пад’язныя чыгуначныя пуці, знішчана частка рухомага саставу.
У гэтых складаных умовах у горадзе праходзіла эвакуацыя, райваенкаматы праводзілі мабілізацыю ў Чырвоную Армію. У выніку ў войскі былі накіраваны амаль 27 тыс. чалавек радавога і каманднага складу. У рады абаронцаў горада ўліваліся мінчане-дабравольцы. З ліку прызваных быў сфарміраваны 1-ы Мінскі запасны полк колькасцю каля 10 тыс. чалавек. Знішчальныя атрады і баявыя рабочыя дружыны былі створаны ва ўсіх раёнах сталіцы.
Вялікую дапамогу Чырвонай Арміі ва ўмацаванні лініі абароны аказвала мясцовае насельніцтва. Жыхары бліжэйшых вёсак, гарадоў Мінска, Дзяржынска, Заслаўя ўдзельнічалі ў будаўніцтве абарончых збудаванняў, падвозілі боепрыпасы, забяспечвалі прадуктамі харчавання.
Аднак нягледзячы на тое, што на подступах да горада гітлераўскія войскі сустрэлі моцнае супраціўленне, 28 чэрвеня 1941 года фашыстам усё ж удалося захапіць Мінск. З першых дзён акупацыі жыхары горада ўзняліся на барацьбу з ворагам. 1100 дзён акупацыі — 1100 дзён самаадданай, гераічнай барацьбы з гітлераўскімі захопнікамі. Мінск быў акупіраваны, але няскораны.
Нацысты ўстанавілі ў Мінску жорсткі акупацыйны рэжым, асноўным інструментам якога стаў адкрыты тэрор супраць мірных жыхароў. У перыяд акупацыі на тэрыторыі Мінска дзейнічала звыш 20 аддзяленняў і філіялаў канцлагераў. Адзін з першых канцлагераў на акупіраванай нацыстамі тэрыторыі Беларусі быў створаны ў пачатку ліпеня 1941 года паблізу Мінска, у Драздах.
Але мінчане не здаліся ворагу, у горадзе пачалі стварацца падпольныя групы і дыверсійныя атрады. Ужо да зімы 1941 года ў горадзе дзейнічала каля паўсотні разрозненых падпольных груп. Яны ствараліся і ў лагерах ваеннапалонных. У 1944 годзе колькасць баявых груп на чыгуначным вузле, прамысловых прадпрыемствах і ва ўстановах горада вырасла да 120. За гады акупацыі больш за 6 тыс. патрыётаў прайшлі скрозь горан падпольнай барацьбы. На рахунку герояў-падпольшчыкаў звыш 1,5 тыс. дыверсій. Самая гучная з іх — знішчэнне карніка беларускага народа Вільгельма Кубэ. За праяўленую мужнасць і гераізм 600 удзельнікаў мінскага падполля былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, восем чалавек атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. У нашы дні імёны мінскіх падпольшчыкаў увекавечаны ў назвах вуліц.
Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён» праводзілася з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 года з мэтай разгрому нямецка-фашысцкай групы армій «Цэнтр» і вызвалення Беларусі. Яна праходзіла ў два этапы. На першым этапе (з 23 чэрвеня па 4 ліпеня) былі праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская і Полацкая аперацыі і завершана акружэнне мінскай групоўкі ворага. На другім этапе (з 5 ліпеня па 29 жніўня) франты, цесна ўзаемадзейнічаючы паміж сабой, паспяхова ажыццявілі пяць наступальных аперацый: Шаўляйскую, Вільнюскую, Каўнаскую, Беластоцкую і Люблін-Брэсцкую. 28 ліпеня 1944 года быў вызвалены Брэст. Нямецка-фашысцкія захопнікі былі поўнасцю выгнаны з тэрыторыі сучаснай Беларусі.
26 чэрвеня 1974 года быў падпісаны ўказ аб прысваенні Мінску ганаровага звання «Горад-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». Цырымонія ўручэння ўзнагарод адбылася праз чатыры гады — 25 чэрвеня 1978 года.
У Беларусі ведаюць цану свабоды: у Вялікай Айчыннай вайне загінуў кожны трэці жыхар рэспублікі. Традыцыйна 3 ліпеня беларускі народ аддае даніну павагі гераізму і стойкасці салдат, самаахвярнай барацьбе падпольшчыкаў і партызан, працоўнаму подзвігу тых, хто аднаўляў краіну з руін.

Дасягненні сучаснай Беларусі
Сучаснае пакаленне беларусаў здолела правільна распарадзіцца дараванай ім магчымасцю будаваць сваю дзяржаву. За гады суверэнітэту ў Беларусі ўдалося стварыць надзейны фундамент для ўпэўненага развіцця краіны.
У нашай краіне сфарміравана ўнікальная палітычная мадэль з развітой сістэмай прадстаўнічых органаў улады. Наданне Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйна-прававога статусу ўмацавала асновы беларускай дзяржаўнасці і паказала, што беларусы з’яўляюцца з’яднанай нацыяй, якая можа самастойна ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх.
За гады суверэнітэту ў нашай краіне склалася ўласная мадэль дзяржавы з моцнай сацыяльнай палітыкай і сацыяльна арыентаванай эканомікай. Адным з галоўных прыярытэтаў у дзяржаўнай палітыцы з’яўляецца рэалізацыя розных сацыяльных праграм, накіраваных на павышэнне якасці жыцця грамадзян і грамадства ў цэлым.
У рэспубліцы падтрымліваецца міжнацыянальны мір і згода, калі кожны чалавек незалежна ад яго веры і нацыянальнасці мае магчымасць свабодна жыць і працаваць. Беларусь стала другім домам для людзей, якія бягуць ад войнаў і канфліктаў. Сёння ў краіне пражываюць прадстаўнікі больш як 150 нацыянальнасцей, зарэгістравана 25 рэлігійных канфесій і напрамкаў.
У 2024 годзе Беларусь стала паўнапраўнай касмічнай дзяржавай, адправіўшы ў супрацоўніцтве з Расіяй на арбіту першага ў сваёй суверэннай гісторыі касманаўта Марыну Васілеўскую. Рэспубліка стала 48-й дзяржавай у спісе краін, якія змаглі паслаць сваіх прадстаўнікоў у космас.
Аднак самае галоўнае дасягненне — тое, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для забеспячэння міру, стабільнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы.
Мы і нашыя будучыя пакаленні павінны помніць і цаніць усё тое, што было зроблена для міру і бяспекі нашай краіны. Нельга забываць той факт, што гэтыя і многія іншыя дасягненні незалежнай Беларусі былі б немагчымы без Вялікай Перамогі. Сучаснае пакаленне беларусаў заўсёды павінна помніць гераічныя подзвігі сваіх продкаў.
Захаванне гістарычнай памяці
Захаванне гістарычнай памяці — неад’емная частка нацыянальнай бяспекі нашай краіны. У абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дакладна прапісана: «Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Таксама на канстытуцыйным узроўні замацавана, што абавязак грамадзян Рэспублікі Беларусь — захоўваць гістарычную памяць пра подзвіг беларускага народа.
У Беларусі распрацаваны і прыняты законы «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», «Аб генацыдзе беларускага народа», якія накіраваны на захаванне гістарычнай памяці і спыненне фальсіфікацыі гістарычных падзей.
Генеральнай пракуратурай Беларусі вядзецца расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У ходзе расследавання ўстаноўлена, што спіс вёсак, якія падзялілі трагічны лёс Хатыні, г.зн. тых, якія былі спалены поўнасцю з жыхарамі і не аднавіліся пасля вайны, дапоўнены новымі населенымі пунктамі. На гэты час іх налічваецца не менш за 290. На тэрыторыі Беларусі дзейнічала 578 лагераў смерці, было праведзена не менш за 187 карных аперацый. Усяго ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі на тэрыторыі БССР нацысцкія злачынцы знішчылі поўнасцю або часткова, у тым ліку разам з жыхарамі, не менш за 12868 сельскіх населеных пунктаў.
Дзень Незалежнасці — галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці. Гэта гістарычна значная дата ў лёсе краіны, якая стала сімвалам свабоды і міру. Гэта свята дарагое ўсім беларусам як памяць аб тых, хто адстойваў незалежнасць сваёй Радзімы на полі бою.
Дзень Незалежнасці ў нашай краіне штогод праводзіцца ва ўрачыстай абстаноўцы. У бягучым годзе святочныя мерапрыемствы традыцыйна пройдуць па ўсёй краіне. У Мінску асноўная пляцоўка святкавання разгорнецца каля Палаца спорту. Там пройдзе святочны кірмаш, а таксама адбудзецца канцэрт «Разам за Беларусь!» На працягу дня ў розных раёнах горада будуць працаваць каля 20 тэматычных пляцовак. Цэнтральнай падзеяй у сталіцы стане вялікі святочны канцэрт, які пройдзе каля стэлы «Мінск — горад-герой». Завершыцца святочны вечар традыцыйнай акцыяй «Спяём гімн разам!», а таксама феерверкам, які стане фінальнай кропкай святкавання.