У нядзелю, 23 лютага, завяршыўся афіцыйны візіт урадавай дэлегацыі на чале з прэм’ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам у Катар, дзе прайшоў шэраг сустрэч з кіраўніцтвам краіны. Да гэтага праца па наладжванні ўзаемавыгадных кантактаў, у першую чаргу ў эканамічнай сферы, адбылася ва Угандзе. Падводзім вынікі візіту беларускай дэлегацыі ў гэтыя краіны «далёкай дугі».
Ад ІТ-сферы да сельскай гаспадаркі: Беларусі ёсць, што прапанаваць катарскаму боку
Усе выхадныя дэлегацыя знаходзілася з візітаў у Катары — перспектыўнай для нашай краіны кропцы ўваходу на рынак арабскага свету. У суботу, прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка па запрашэнні катарскага боку сустрэўся ў нефармальнай абстаноўцы з членамі кіруючай сям’і Катара, прадстаўнікамі катарскага бізнесу — буйнымі інвестарамі ў сферы будаўніцтва, энергетыкі, інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій.
У час сустрэчы прэм’ер-міністр праінфармаваў прымаючы бок аб развіцці беларускай эканомікі, палітыцы краіны ў сферы інвестыцый, планах па рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў. Дыялог, які адбыўся, прадэманстраваў жывую цікавасць катарскага бізнесу да Беларусі.
Таксама ў рамках візіту, прэм’ер-міністр сустрэўся з намеснікам прэм’ер — міністра — дзяржаўным міністрам па справах абароны Катара шэйхам Саудам бен Абдэльрахманам бен Хасан бен Алі аль-Тані.
Як паведаміла прэс-служба ўрада, сустрэча з віцэ-прэм’ерам Катара прайшла за зачыненымі для СМІ дзвярыма.
Акрамя гэтага, прайшла сустрэча Рамана Галоўчанкі з прэм’ер-міністрам — міністрам замежных спраў Катара шэйхам Махамедам бен Абдэльрахманам бен Джасэмам аль-Тані.
— Мы шчыра захапляемся дасягненнямі Катара за апошнія гады, развіццём інфраструктуры, прыёмам вялікай колькасці міжнародных палітычных і спартыўных мерапрыемстваў самага высокага ўзроўню, — падкрэсліў падчас сустрэчы Раман Галоўчанка і дадаў. — Беларусі ёсць, што прапанаваць катарскаму боку. Наша краіна валодае значным ваенна-тэхнічным, прамысловым, навуковым, сельскагаспадарчым патэнцыялам і магчымасцямі паставак харчавання для забеспячэння харчовай бяспекі.
Ён акцэнтаваў увагу, што ў Беларусі актыўна развіваецца сфера высокіх тэхналогій, не менш актыўна ідуць працэсы цыфравізацыі.
Раман Галоўчанка канстатаваў, што Катар мае развітую банкаўскую сістэму і гэта самыя відавочныя Сумесныя перспектывы для абедзвюх краін.
«Кожная краіна — гэта свой квэст, які трэба прайсці»
Падводзячы вынікі афіцыйных візітаў у Уганду і Катар, Прэм’ер-міністр адзначыў:
— Мы сур’ёзна рыхтуемся да кожнага такога візіту: ці ж-то наш — за мяжу альбо да нас. Стараемся, як цяпер кажуць, кастаізаваць нашы прапановы, ужываючы навуковы падыход. Трэба глыбока ведаць, у чым маюць патрэбу нашы партнёры, якія ў іх магчымасці, прыярытэты, інтарэсы, хто нашы канкурэнты, з кім мы працуем. Гэта значыць фактычна кожная краіна — гэта свой квэст, які трэба прайсці. І для таго каб атрымаць вынік, трэба зрабіць вельмі добрра дамашнюю работу.
Раман Галоўчанка заўважыў, што візіты ва Уганду і Катар адрозніваліся адзін ад аднаго, бо ў іх былі розныя мэты, задачы і змест:
— Ва Угандзе тэматыка была абсалютна зразумелая для нас. Мы фактычна прэзентавалі кіраўніцтву краіны ўсе нашы напрацоўкі, прапановы, усталявалі кантакты з тымі людзьмі, якім даручана займацца гэтымі праектамі (іх вывучаць, знаходзіць прымальныя для ўсіх рашэнні).
З Катарам сітуацыя іншая, канстатаваў Раман Галоўчанка:
— Гэтая краіна нам вельмі добра знаёмая. Мы многія дзесяцігоддзі тут працуем, паспяхова супрацоўнічаем, вельмі цёплыя адносіны звязваюць і кіраўнікоў краін. Наогул, кожны раз ад любога катарца чую толькі станоўчыя водгукі або ўспаміны пра Беларусь. Але мэта візіту цалкам зразумелая — гэта аднаўленне ранейшага ўзроўню нашых адносін і, напэўна, завяршэнне тых абмеркаванняў, ідэй, напрацовак, якія намі планаваліся раней.
Падсумоўваючы візіт у Катар, прэм’ер-міністр адзначыў, што гэтая краіна гатовая працаваць з Беларуссю па ўсіх напрамках:
— Катарскі бок сам нас запрасіў. Цікавасьць да працы з Беларусьсю ёсць. Катарцы — выдатныя дыпламаты. Яны, нягледзячы на тое, што невялікая тэрыторыя, невялікае насельніцтва, сябе вельмі актыўна праяўляюць ва ўрэгуляванні вялікай колькасці рэгіянальных і міжнародных канфліктаў. Таму яны выдатна разумеюць усе рэаліі, не будуюць ілюзій адносна таго, што ж рэальна адбываецца і вакол нашай краіны.
Прэм’ер-міністр таксама патлумачыў некаторыя асаблівасці перамоў:
— Многія дамоўленасці абмяркоўваліся за зачыненымі дзвярыма: вялікія грошы любяць цішыню. Цікавасць вельмі вялікая. Нам трэба было актуалізаваць разуменне таго, што адбываецца ў Катары. Мяняюцца запыты, інтарэсы, падыходы. Прыходзяць новыя людзі, якія не вельмі знаёмыя з гісторыяй нашага супрацоўніцтва. Таму ўдалося зрабіць вельмі вялікую працу.
Па словах Рамана Галоўчанкі, вызначаны задачы для рэалізацыі іх у бліжэйшы час:
— Сферы традыцыйныя — гэта інвестыцыі і праца па трэціх краінах. І па адным, і па іншым напрамкам у бліжэйшы час будзем вельмі актыўна дзейнічаць.
Кампетэнтна
Беларусь і Катар абмяркоўваюць новыя напрамкі для супрацоўніцтва ў ваенна-прамысловым комплексе.
Пра гэта распавёў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус:
— На самай справе спектр узаемадзеяння досыць шырокі і новыя напрамкі сёння абмяркоўваюцца. Гэта і навучанне, і сумесныя распрацоўкі. Сёння проста так прадаць той ці іншы прадукт — нічога не значыць. Важны комплексны падыход. І ў гэтым плане мы гатовыя прапанаваць комплекснае рашэнне.
Дарэчы, Дзяржкамваенпрам знаходзіцца на этапе абмеркавання дэталёвай дарожнай карты па ўзаемадзеянні з катарскім холдынгам «Барзан»:
— Мы вызначылі ключавыя напрамкі, па якіх мэтазгодна працаваць разам. Я думаю, у бліжэйшы час дарожная карта будзе падпісаная.
***
Ад харчавання да IT-тэхналогій
Часовы павераны ў справах Беларусі ў Катары Аляксей Малафей паведміў, што Беларусь разлічвае ў разы павялічыць пастаўкі харчавання ў Катар:
— У нас ёсць некалькі кірункаў, на якіх мы робім фокус: гэта і палітычнае супрацоўніцтва, пашырэнне палітычных кантактаў, якія ў нас вельмі добрыя.
Што датычыцца эканамічнага супрацоўніцтва, тут таксама ёсць некалькі цікавых і перспектыўных напрамкаў, уключаючы пастаўкі харчавання.
Беларускія малочныя прадукты, сыры мяккія і цвёрдыя, глазураваныя сыркі, смятана, тварог, рыбныя прадукты — гэта тое, што сёння прадстаўлена ў асноўных гандлёвых сетках Катара.
У той жа час ён адзначыў, што кліматычныя ўмовы не дазваляюць Катару развіваць у дастатковай ступені сельскую гаспадарку, каб забяспечыць сваю харчовую бяспеку, таму Беларусь магла б стаць надзейным партнёрам у гэтым кірунку:
— Напрыклад, беларускае сухое малако выкарыстоўваецца для вытворчасці катарскага марожанага.
Наступны перспектыўны напрамак-высокія тэхналогіі:
— Катар актыўна развіваецца, будуе новыя гарады, праводзіць розныя мерапрыемствы сусветнага ўзроўню. Яны разумеюць, што абмяжоўвацца толькі здабычай энерганосьбітаў недастаткова для развіцця эканомікі. Катар працуе над тым, каб развіваць не нафтавыя і не газавыя сектары эканомікі. Адным з іх з’яўляюцца, вядома, высокія тэхналогіі, IT-тэхналогіі.
Аляксей Малафей таксама алзначыў, што перспектыўным з’яўляецца і развіццё супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя і навукі:
— Нашы дасягненні ў медыцыне, у тым ліку для лячэння анкалагічных захворванняў, захворванняў сэрца, могуць быць цікавыя і карысныя Катару. Мы гэта будзем абмяркоўваць. Спадзяемся, што будзе пэўны поспех.
***
Павялічыць у разы пастаўкі харчавання ў Катар
Такую задачу па выніках візіту ставіць перад ведамствам намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Вадзім Шагойка.
— Краіны Персідскага заліва нам цікавыя з пункту гледжання пастаўкі свайго харчавання, — растлумачыў ён у гутарцы з журналістамі. — Беларусь дасягнула значных вынікаў у вытворчасці прадуктаў харчавання, цалкам забяспечвае ўнутраны рынак і актыўна экспартуе сваю прадукцыю.
Ён адзначыў, што Беларусь ужо не першы год працуе з гэтым рэгіёнам, пастаўляючы сюды сухія малочныя прадукты:
— Нам цікава пашырыць асартымент. Мы можам даць усю лінейку «малочкі». Акрамя таго, завяршылі акрэдытацыю на сертыфікат «Халяль» і гатовыя пастаўляць мясную прадукцыю".
Паводле яго слоў, у Катар ужо пастаўляецца Беларуская натуральнамалочная прадукцыя:
— Вядома, гэтая партыя яшчэ нязначная, дастаўляецца самалётамі, але гэта ўжо і тварог, і смятана, і сыры ў асартыменце.
Вадзім Шагойка падкрэсліў, што пастаўкі ў Катар прадуктаў харчавання ў апошнія гады актыўна нарошчваюцца. Так, па выніках 2023 года было каля 600 тысяч долараў, то ўжо па выніках 2024 года — узровень перавысіў адзін мільён долараў.
Паводле яго слоў, ужо ёсць канкрэтныя дамоўленасці на пашырэнне паставак і асартыменту на 2025 год:
— Таму тут праца вядзецца, і, безумоўна, аб’ёмы экспарту прадуктаў харчавання будуць павялічвацца. Мы ставім задачу павялічваць пастаўкі ў разы.