Пытанне якасці турпаслуг рэгулюецца шэрагам нарматыўных прававых актаў. Грамадзяне маюць права атрымліваць поўную і дакладную інфармацыю пра тур, тураператара, праграму падарожжа, кошт і парадак аплаты паслуг, а таксама іншую неабходную інфармацыю. Правілы аказання турыстычных паслуг зацверджаныя пастановай Савета Міністраў. Яны прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасць за парушэнні.
Асаблівую ўвагу Кацярына Ганчаронак звярнула на тое, што заключаць дагавор мае права толькі турыстычны аператар — юрыдычная асоба. Калі дагавор прапануе індывідуальны прадпрымальнік, ён можа быць юрыдычна нікчэмным. Праверыць статус тураператара можна ў адкрытым Рэестры суб’ектаў турыстычнай дзейнасці на сайце Міністэрства спорту і турызму, дзе пазначаюцца звесткі аб рэгістрацыі, спосабах забеспячэння адказнасці і сертыфікацыі.
Большасць скаргаў, якія паступаюць у Міністэрства, датычацца выязнога турызму і ўзнікаюць у летні сезон. Яны звязаныя з няспраўнымі аўтобусамі, нізкім узроўнем сэрвісу ў гасцініцах за мяжой. Па ўнутраным турызме скаргаў значна менш, яны звычайна вырашаюцца на ўзроўні адказных арганізацый.
Акрамя турпаслуг, значная ўвага надаецца якасці экскурсійнага абслугоўвання. З 2007 года ў краіне праводзіцца прафесійная атэстацыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. За першае паўгоддзе 2025 года адбылося 15 атэстацый, у выніку якіх 155 спецыялістаў атрымалі адпаведны статус. На сёння ў нацрэестры налічваецца 1326 экскурсаводаў і 154 гіды-перакладчыкі. Адметным элементам працы экскурсавода з’яўляецца бэйдж з фотаздымкам, які дзейнічае 5 гадоў і сведчыць аб атэстацыі. У 2025 годзе 79 спецыялістаў паспяхова абаранілі новыя тэмы экскурсій. У Беларусі цяпер няма ніводнага раёна без экскурсавода або гіда-перакладчыка. Маркер якасці ў галіне — штогадовы конкурс «Пазнай Беларусь». У 2024 годзе ён праводзіўся па 13 намінацыях, у 2025-м — ужо па 14, на лепшы санаторый, аграсядзібу, музей, экскурсавода, а таксама датычыўся прамысловага, экалагічнага і падзейнага турызму.
Як паведаміла Таццяна СМІРНОВА, начальнік аддзела сертыфікацыі паслуг БелДІСС, на канец ліпеня 2025 года ў краіне сертыфікавана 80 месцаў размяшчэння. З іх 5 маюць катэгорыю «пяць зорак», 9 — «чатыры зоркі», 43 — «тры зоркі», 11 — «дзве зоркі» і 12 — без зорак. Найбольшая колькасць сертыфікаваных гасцініц — у Мінску — больш за трыццаць, дзе сканцэнтравана і большасць аб’ектаў высокай катэгорыі — у прыватнасці, усе пяцізоркавыя гатэлі размешчаны тут. А ў Гродзенскай вобласці ёсць пяцізоркавы санаторый. Праўда, гасцініцы на Гродзеншчыне максімум трохзоркавыя. Чатыры зоркі маюць толькі два гатэлі на Брэстчыне, два ў Магілёўскай вобласці і адзін у Мінскай.
Што да далейшага развіцця стандартызацыі, да 2027 года плануецца распрацаваць каля 12 дзяржаўных стандартаў у сферы турызму — ад патрабаванняў да экскурсійнага абслугоўвання ў гастранамічным і прамысловым турызме, а таксама да рэстараннай і традыцыйнай кухні. Гэтыя работы вядуцца сумесна Дзяржстандартам і Міністэрствам спорту і турызму з улікам сучасных тэндэнцый у галіне.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ