Беларуская публіка атрымала рэдкую магчымасць дакрануцца да самабытных традыцый і мастацтва старажытнай зямлі качэўнікаў.
Паспрабуйце ўявіць, як бы гучала беларуская мелодыя «Касіў Ясь канюшыну» ў мангольскім варыянце — а яе выканалі на нацыянальным інструменце марын хуур, захаваўшы каларыт праз імітацыю гукаў касы! Публіка ў эйфарыі... І так было кожны раз, калі на сцэне Вялікага тэатра ў дыялогу спалучаліся культуры качэўнікаў і земляробаў-беларусаў: гімны дзвюх краін у выкананні аркестра народных інструментаў Манголіі, эстрадны хіт «Беларусь моцная» наогул спявала ўся зала разам з мангольскай зоркай Сурэнжав Наран пад аркестр і рэпавы біт, што задаваў голасам малады хлопец у традыцыйным мангольскім кафтане. І гэты аркестр паказаў, што яму падуладная складаная музыка Моцарта ды Пучыні, калі арыю Царыцы ночы спявала оперная зорка Унушыхбаяр Уянга, а Калафа — Баярсайхан Батжаргал. Неверагодныя адкрыцці чакалі падчас канцэрта «Цудоўная Манголія», і гэта толькі пачатак: міністры культуры нашых краін паабяцалі больш такіх сустрэч пасля поспеху першых Дзён культуры Манголіі ў Беларусі.
Галоўнай пляцоўкай стаў Вялікі тэатр Беларусі. Менавіта тут 26 кастрычніка выступілі вядучыя артысты Нацыянальнага вялікага тэатра мастацтваў Манголіі. А гэта вельмі цікавая культурная ўстанова, нават калі не згадваць грандыёзны і амбітны (на ўвесь свет!) праект новага будынка тэатра, які цяпер узводзіцца ў выглядзе агромністай традыцыйнай юрты. Для таго каб прадстаўляць краіну за мяжой, у калектыве створана асобная праграма «Цудоўная Манголія», якую і паказалі ў Мінску.
Тут цікава ўсё, пачынаючы ад разумення таго, што ў Манголіі сярод 30 тэатральна-канцэртных устаноў існуе адмысловая, клопатам якой з’яўляецца захаванне аўтэнтычнага мангольскага мастацтва (у тэатры разам з агульнасусветнымі шэдэўрамі ставяць нават асобныя фальклорныя пастаноўкі!). У Беларусь прывезлі тое, што можа найбольш зачапіць.
Найперш гэта дзівосны музычны інструмент — марын хуур. Яго часта называюць «конскай скрыпкай», а чаму, наведвальнікі вечара змаглі пабачыць падчас выстаўкі, што размясцілася ў Вялікім тэатры Беларусі. Гэта драўляны смычковы інструмент з дзвюма струнамі (мужчынскай і жаночай), смычком з конскім воласам, і на грыфе абавязкова красуецца разная галава каня! Тое, што лічылася каштоўным і прыгожым у культуры качэўнікаў, адлюстравана ў ім, а галоўнае, безумоўна, — голас — мяккі, крыху меланхалічны, нагадвае плач альбо спевы.
З дапамогай такой музыкі манголы-качэўнікі нават утаймоўвалі вярблюдзіц, якія адкідвалі сваіх дзіцянят. Згадваецца гэты інструмент яшчэ з XІІІ стагоддзя і ўключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У нас з’явілася магчымасць і пабачыць каштоўную выстаўку, і пачуць яго.
Галасы людзей, якія насяляюць стэпы, але маюць і развітыя гарады, таксама пачулі. І тут у манголаў ёсць свая адметная манера — хоамей (гарлавыя спевы), калі адзін чалавек здольны ствараць эфект шматгалоснага сола. А вось уртын дуу (так званая працяжная песня з прыгожымі пералівамі) здольная ўвесці ў стан трансу — і гэты жанр ЮНЕСКА прызнала шэдэўрам нематэрыяльнай спадчыны. А самі носьбіты традыцыі кажуць: «Каралева музычнага фальклору Манголіі».
Згодна з ЮНЕСКА тэрміновая ахова цяпер патрэбная традыцыйнаму народнаму танцу колішніх качэўнікаў — бій біелгэ. Гэты танец цела звычайна выконваўся ў абмежаванай прасторы юрты, часта на адным месцы, таму галоўны акцэнт рабіўся на пластыку, якая раскрывала паўсядзённае жыццё. Але і яно цяпер змяняецца — адпаведна, танец захоўваецца ў тэатры. Адчуванне ўнікальнасці лакальнага свету юрты разам з уяўленнем пра шырокія прасторы ўмацавала думкі пра тое, што чалавек імкнецца да гармоніі ў любых прыродных умовах, што засведчыла і фотавыстаўка. А ў Манголіі горы, пустыня, але ж і азёры, і стэп — а гэта, па-сутнасці, вялікая раўніна, дарэчы, як і ў нас...
Што яшчэ мы адкрыем для сябе пра гэтую краіну, пакажуць дамоўленасці Марата Маркава, міністра культуры Беларусі, і міністра культуры, спорту, турызму і моладзі Манголіі Жукавына Алдаржавхлана. На іх сустрэчы абмяркоўваліся сумесныя праекты, абмен гастролямі і навучанне студэнтаў.
Ларыса ЦІМОШЫК