Фіджытал-спорт зарадзіўся ў далёкім 2003 годзе і ўяўляе сабой своеасаблівы сімбіёз паміж лічбавым складнікам і рэальнай фізічнай актыўнасцю. Гэты від спорту аб’ядноўвае дзве катэгорыі людзей: тых, хто забыўся пра фізічную нагрузку ў сувязі з паглыбленнем у сетку Інтэрнэт, а таксама людзей, якія захопленыя спортам і дадаткова хочуць быць «у трэндзе», спаборнічаючы ў тым ліку і ў лічбавым асяроддзі.
Старшыня Беларускай федэрацыі фіджытал-спорту Андрэй МАКАРАНКА адзначыў, што летась у краіне прайшлі першыя нацыянальныя адборы па гэтым відзе спорту, падчас якіх былі адабраны спартсмены, што прадстаўлялі нашу краіну на Гульнях будучыні ў 2025 годзе ў Абу-Дабі (ААЭ). Па выніках гэтых міжнародных турніраў Беларусь увайшла ў чацвёрку лідараў рэйтынгу World Phygital Community па фіджытал-спорце.
«Дасягнутых поспехаў не было б без падтрымкі партнёраў, сярод якіх вельмі важнае месца займае Прэзідэнцкі спартыўны клуб», — падкрэсліў спікер.
Асноўным партнёрам па развіцці фіджытал-спорту Андрэй Макаранка назваў Расійскую Федэрацыю: «У нас ёсць разуменне, які вопыт мы можам у іх запазычыць, асабліва ў плане спартыўнага заканадаўства. Таму што ў Расіі сапраўды гэта ўжо больш глыбока інтэгравана. Многія віды фіджытал-спорту ўжо ёсць у рэестры відаў спорту, гэта значыць па іх можна атрымаць спартыўныя званні і разрады. Гэта важны крок, асабліва для маладых спартсменаў».

Паводле яго слоў, геаграфія мерапрыемстваў паступова будзе пашырацца, каб спартсмены маглі прымаць удзел не толькі ў буйных міжнародных форумах, якія праводзяцца адзін раз на год, але і ў іншых турнірах, арганізаваных паміж партнёрамі для абмену вопытам у гэтай сферы.
Генеральны сакратар Беларускай федэрацыі фіджытал-спорту Аляксандр ВАВУЛА дадаў, што пасля ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах удалося ўстанавіць цесныя сувязі з Міжнароднай федэрацыяй і з нацыянальнымі федэрацыямі іншых краін: «У першую чаргу, мы пачалі супрацоўнічаць з Федэрацыяй фіджытал-спорту Узбекістана, пасля гэтага ўстанавілі цесныя адносіны з Расійскай федэрацыяй фіджытал-спорту, таксама працягнулі камунікаваць з федэрацыямі з іншых краін. Унутры краіны мы актыўна пачалі працаваць з федэрацыямі па гульнявых відах спорту. У прыватнасці, заключылі пагадненне з Беларускай федэрацыяй футбола і сумесна з імі праводзілі ўжо адборы на наступныя Гульні будучыні, якія сёлета будуць праходзіць у Казахстане».
Асноўныя задачы, якія ставіць перад сабой Беларуская федэрацыя фіджытал-спорту на гэты год, — папулярызацыя фіджытал-спорту. «Расказваць пра яго плануем дзякуючы ў тым ліку супрацоўніцтву з блогерамі, якія прыцягваюць маладое пакаленне. Будзем таксама шчыльна працаваць са спартсменамі, якія могуць і хочуць удзельнічаць у гэтым відзе спорту. Акрамя масавай папулярызацыі мы плануем працаваць з дзяржаўнымі органамі. У прыватнасці, над прызнаннем фіджытал-спорту як віду спорту. Хацелася б, каб ён стаў натуральным выбарам, як плаванне або футбол», — адзначыў Аляксандр Вавула.
Гаворачы аб поспехах, якіх удалося дасягнуць за два гады існавання федэрацыі, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі фіджытал-спорту па дзіджытале Марк КАВАЛЁЎ звярнуў увагу, што гэта комплексная заслуга: і федэрацыі, і спартсменаў, і трэнераў. «У чэрвені нас чакаюць адборачныя матчы ў Астане і там жа Гульні будучыні ў жніўні, — дадаў спікер. — Мы ўскладаем вялікія надзеі на нашых спартсменаў. Спадзяёмся, што атрымаецца парадаваць краіну добрымі вынікамі».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота аўтара