Беларусь увайшла ў топ замежных турыстычных напрамкаў расіян на святочныя даты лютага і сакавіка, паведамляе БелТА са спасылкай на расійскі саюз туріндустрыі.
Па даных аднаго з папулярных сэрвісаў браніравання атэляў і апартаментаў, попыт на падарожжа ў перыяд святочных дзён вырас на 42 % у гэтым годзе ў параўнанні з мінулым. Эксперты звязваюць павышаную актыўнасць турыстаў з працяглым адпачынкам на святы ў гэтым годзе — расіян чакаюць па тры выхадныя дні запар.
На замежныя напрамкі прыпадае 25 % ад усіх браняванняў, якія здзейснілі расійскія турысты на перыяд святаў — з 20 па 23 лютага і з 6 па 9 сакавіка.
Самымі папулярнымі сталі краіны блізкага замежжа — Беларусь, Арменія, Узбекістан, Грузія, Казахстан. Попыт на іх расце на 89 % год да года. Высокія тэмпы росту таксама паказалі курортныя пляжныя напрамкі — Тайланд, ААЭ, В’етнам, Інданезія, Егіпет, дзе колькасць браняванняў сумарна вырасла на 78 %.
Павышаную дынаміку таксама паказалі экскурсійныя напрамкі: Кітай — з ростам попыту на 66 %, Італія — на 35 %, Францыя — на 32 %. У цэлым у топ-10 самых папулярных напрамкаў ўваходзяць Беларусь, Тайланд, ААЭ, Турцыя, Албанія, Італія, Кітай, Узбекістан, Грузія, Боснія і Герцагавіна.
Расійскія турысты таксама больш актыўна, чым у 2025 годзе, выбіраюць адпачынак унутры краіны.