Top.Mail.Ru

Беларусь валодае перадавымі напрацоўкамі ў анкалогіі і гатовая дзяліцца імі — Пяткевіч

Беларусь валодае перадавымі кампетэнцыямі і напрацоўкамі ў лячэнні анкалагічных захворванняў і гатовая дзяліцца імі з краінамі СНД. Пра гэта заявіла журналістам віцэ-прэм’ер Беларусі Наталля Пяткевіч у Маскве на палях пасяджэння Эканамічнага савета СНД, перадае БелТА.

Наталля Пяткевіч бярэ ўдзел у пасяджэнні як нацыянальны каардынатар Рэспублікі Беларусь па пытаннях СНД і член Эканамічнага савета Садружнасці. Адно з пытанняў парадку дня — зацвярджэнне плана мерапрыемстваў па рэалізацыі канцэпцыі супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД у галіне процідзеяння анкалагічным захворванням на 2027–2030 гады.

«У нас ёсць тое, чым мы сёння можам і ў добрым сэнсе пахваліцца, таму што мы, напэўна, з’яўляемся перадавікамі ў карце тэрапіі (анкалагічных захворванняў. - Заўв. БелТА). Дзіцячы і дарослы рэспубліканскія анкалагічныя цэнтры сур’ёзна гэтым займаюцца. Сёння тыя напрацоўкі, якія ў нас ёсць, з’яўляюцца перадавымі», — сказала Наталля Пяткевіч.

Яна таксама нагадала, што ў Беларусі вырабляецца шэраг лекавых прэпаратаў для лячэння анкалагічных захворванняў, яшчэ некалькі знаходзяцца ў распрацоўцы.

Віцэ-прэм’ер падкрэсліла, што барацьба з анкалагічнымі захворваннямі — адзін з прыярытэтаў сістэмы аховы здароўя Беларусі. «Анкалогія — адзін з трох прыярытэтных кірункаў, якія ляглі ў аснову новай дзяржаўнай праграмы „Здароўе нацыі“ на 2026–2030 гады. Таму мы істотна ўзмацняем рэгіянальныя анкалагічныя цэнтры, якія ёсць у кожным рэгіёне, і абнаўляем іх матэрыяльна-тэхнічную базу».

«Мы сур’ёзна займаемся пытаннямі дыспансерызацыі, і перш за ўсё гэта датычыцца жанчын — правядзення мамаграфіі. Мы стварылі айчынныя перасоўныя пункты, і, такім чынам, сёння няма праблем з правядзеннем гэтых даследаванняў. Перасоўныя пункты працуюць па адпаведным графіку ва ўсіх кутках краіны, каб ахапіць 100% жанчын. Мы ўключылі ў пратакол вакцынацыю дзяўчынак ад віруса папіломы чалавека з 11-гадовага ўзросту. Да канца года ўзровень вакцынацыі складзе каля 80%», — распавяла віцэ-прэм’ер.


Яна адзначыла, што прафілактыка анкалагічных захворванняў важная для Беларусі і з пункту гледжання наступстваў Чарнобыльскай аварыі. «Таму ў нас наладжана поўная маршрутызацыя пацыентаў па ўсёй краіне, каб грамадзяне разумелі і ведалі, куды і з якімі пытаннямі звяртацца, дзе праводзіцца выяўленне захворванняў і на якім узроўні — лячэнне. Высокапрафесійная і высокатэхналагічная дапамога аказваецца ў рэспубліканскіх цэнтрах, і гэта таксама вельмі важна для пацыентаў, якія з гэтым сутыкнуліся», — дадала Наталля Пяткевіч.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю