Top.Mail.Ru

Беларусь вывучыць кітайскія падыходы да ацэнкі эфектыўнасці работы мясцовай улады — Пярцоў

Беларусь мае намер вывучыць і паспрабаваць адаптаваць да сваёй сістэмы дзяржаўнага кіравання кітайскія падыходы да ацэнкі эфектыўнасці работы мясцовай выканаўчай улады. Пра гэта журналістам расказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў на палях Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Дзяржаўнае кіраванне і эканамічная палітыка ва ўмовах глабальных і рэгіянальных выклікаў» у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, перадае БелТА.


«Мы паспрабуем, па-першае, вывучыць кітайскі досвед дзяржаўнага кіравання, вывучыць падыходы да ацэнкі эфектыўнасці работы мясцовай выканаўчай улады. Мы паспрабуем трансфармаваць гэтыя падыходы ў дачыненні да нашай сістэмы дзяржаўнага кіравання. Нам ёсць чаму павучыцца, нам ёсць што пераняць», — адзначыў Уладзімір Пярцоў.

Ён звярнуў увагу на імклівае развіццё Кітая ў эканоміцы, сельскай гаспадарцы, высокіх тэхналогіях, сацыяльнай сферы і забеспячэнні бяспекі. На яго думку, дасягнутыя вынікі пацвярджаюць эфектыўнасць кітайскай мадэлі кіравання. «Кантралюючая роля Камуністычнай партыі дзейсная ў ацэнцы эфектыўнасці работы кіраўнікоў канкрэтных рэгіёнаў і прадпрыемстваў», — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Уладзімір Пярцоў падкрэсліў, што Беларусь пры фарміраванні нацыянальнай мадэлі дзяржаўнага кіравання, як і Кітай, выбрала эвалюцыйны шлях, абапіраючыся на ўласныя традыцыі і гістарычны досвед. «Нягледзячы на назапашаны ў Рэспубліцы Беларусь досвед дзяржаўнага будаўніцтва, мы адкрытыя да новых ідэй і найлепшых практык іншых краін у гэтай сферы, у першую чаргу дружалюбнага нам Кітая», — сказаў ён.


Абмен досведам дазволіць удзельнікам канферэнцыі вызначыць новыя кірункі ўдасканалення сістэм дзяржаўнага кіравання дзвюх краін.

Пасля пленарнага пасяджэння адбыліся двухбаковыя перагаворы, на якіх абмеркавалі практычную рэалізацыю прапановы аб стварэнні Беларуска-кітайскага цэнтра ў сферы дзяржаўнага кіравання. У прыватнасці, плануецца вывучыць магчымасці прымянення кітайскага досведу ўзаемадзеяння партыйных камітэтаў і выканаўчых камітэтаў на месцах.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю