У Беларусі дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу аздараўленню — як дзяцей, так і дарослых. Толькі летась на тых, хто мае патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні, было выдаткавана каля 252 мільёнаў рублёў. Дзякуючы гэтаму бясплатнымі пуцёўкамі, а таксама пуцёўкамі з датацыямі было забяспечана 807 тысяч чалавек. Прыярытэтам у аздараўленні з’яўляюцца дзеці — больш за 70% тых сродкаў было выдаткавана на пуцёўкі ў лагеры і дзіцячыя санаторыі. Летам школьнікаў прымуць каля 6 тысяч аб’ектаў адпачынку і аздараўлення, а гэта 4,5 тысячы лагераў з дзённым знаходжаннем і каля 1,5 тысячы лагераў з кругласутачным знаходжаннем. У Беларусі таксама функцыянуе 148 паўнацэнных стацыянарных загарадных лагераў.
Даплата бацькоў — ад 10 %
У школьнікаў з 1 чэрвеня пачаліся самыя доўгія канікулы. З першымі днямі лета адчынілі свае дзверы і аздараўленчыя лагеры. Попыт на дзіцячы летні адпачынак і аздараўленне ў іх значны і штогод толькі павялічваецца, як адзначае намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай.
— Летась у лагерах аздараўленне прайшлі 399,6 тысячы дзяцей — рэкордная лічба. Сёлета попыт не меншы. Чакаем, што прыкладна 400 тысяч дзяцей будзе аздароўлена, — расказаў ён.
На правядзенне дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі ў гэтым годзе выдзелена больш як 73 мільёны рублёў. З іх 72 мільёны — на патанненне пуцёвак са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, каля 800 тысяч — для набыцця бясплатных пуцёвак для льготнай катэгорыі дзяцей, 600 тысяч пайшло на падрыхтоўку лагераў да работы летам.
У сярэднім пуцёўка ў кругласутачныя стацыянарныя загарадныя лагеры каштуе каля 675 рублёў. Памер патаннення быў зацверджаны ў сакавіку па ўзгадненні з Міністэрствам фінансаў — 285 рублёў, а гэта 42 % ад яе кошту.
— З улікам таго, што яшчэ даплачваюць бацькам і патанняюць дадаткова мясцовыя бюджэты, прафсаюзныя арганізацыі і самі наймальнікі, згодна з калектыўнымі дагаворамі, асноўнае патрабаванне, якое прад’яўляецца сёння нарматыўна-прававымі актамі, — бацькі павінны заплаціць не менш за 10 % ад кошту — каля 70 рублёў. Усё астатняе ім можа быць кампенсавана з розных крыніц, — растлумачыў Аляксандр Цай. — Гэта вельмі істотная дапамога. У прыярытэце — няпоўныя, малазабяспечаныя, шматдзетныя сем’і, дзеці-інваліды, дзеці-сіроты. Ім фактычна аплацяць поўны кошт, а законным прадстаўнікам застанецца даплаціць толькі невялікую частку.

Сярэдні кошт пуцёўкі ў дзённы лагер — каля 144 рублёў, з улікам патаннення — 120 рублёў (84 %).
— Дзесьці кошт ніжэйшы, дзесьці — вышэйшы. Сёння летні адпачынак і аздараўленне цалкам даступныя для дзяцей нашай краіны. Такім чынам, ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы, — падкрэсліў Аляксандр Цай.
Алена КРАВЕЦ