Беларусь заклікае літоўскіх партнёраў засяродзіцца на дыялогу па праблемах міграцыі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў, паведамляе БелТА.
«З пачуццём шчырай цікаўнасці мы азнаёміліся з заявамі кіраўніка літоўскай пагранзаставы спадара Кісялюса аб так званых курсах па пераадоленні платоў для мігрантаў на беларускай тэрыторыі. Выказаныя ідэі, безумоўна, арыгінальныя, але выклікаюць шэраг пытанняў. Чаму б літоўскім памежнікам не атрымаць у затрыманых мігрантаў інфармацыю аб канкрэтным месцазнаходжанні згаданых трэніровачных аб’ектаў? Беларусь гатовая арганізаваць для спадара Кісялюса і ягоных калегаў сумесны выезд на памежныя тэрыторыі для праверкі гэтых звестак», — заявіў Руслан Варанкоў.
Разам з тым у МЗС нагадалі, што ключавыя праблемы міграцыйнага крызісу ляжаць у іншай плоскасці.
«Чаму літоўскія ўлады па-ранейшаму не даюць адказаў па фактах жорсткага абыходжання з мігрантамі і не каментуюць ролю сваіх грамадзян, затрыманых за арганізацыю нелегальных пераходаў. Заклікаем літоўскіх партнёраў засяродзіцца на дыялогу, як гэта неаднаразова прапаноўвала Беларусь, замест пошуку міфічных тлумачэнняў. Мы, як і раней, гатовыя да супрацоўніцтва на аснове фактаў і ўзаемнай павагі», — падкрэсліў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства.