Top.Mail.Ru

Беларусь зацікаўлена развіваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва з Прыморскім краем

Калі адлегласць не перашкода.


Аб гэтым заявіла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падчас сустрэчы з губернатарам Прыморскага краю Расійскай Федэрацыі Алегам Кажамякам.
«Паміж Беларуссю і Прыморскім краем склаліся добрыя і сяброўскія адносіны. Наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч даволі часта сустракаецца з вамі і гаворыць заўсёды аб тым, што Прыморскі край, нягледзячы на далёкасць, — гэта наша зямля. Мы разумеем, што там жывуць нашы добрыя сябры, браты, — адзначыла Наталля Качанава. — Разумеем, што нам трэба далей узаемадзейнічаць і ўзаемадзеянне гэта можа быць абсалютна па ўсіх кірунках. Але для нас надзвычай важнае рэгіянальнае супрацоўніцтва. Наш Прэзідэнт надае гэтаму вельмі сур’ёзнае значэнне. Толькі за мінулы год 36 дэлегацый на чале з губернатарамі Расійскай Федэрацыі наведалі нашу краіну, і заўсёды Аляксандр Рыгоравіч сустракаецца з імі».
Спікер падкрэсліла, што для Савета Рэспублікі, які з’яўляецца органам тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва вельмі важнае.
«Мы надаём асаблівае значэнне гэтаму кірунку ў сваёй дзейнасці, — сказала Наталля Качанава. — Цяпер рыхтуемся да Форуму рэгіёнаў. Сёлета мы будзем праводзіць XІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Ніжнім Ноўгарадзе. Ужо 77 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі заявіліся для ўдзелу ў ім, а з нашага боку абсалютна ўсе вобласці будуць удзельнічаць. Таму мы шчыра будзем рады сустрэчы з вамі на палях форуму. Я думаю, што мы прырасцём новымі кантрактамі, пагадненнямі, бо разумеем, што гэта на карысць нашых народаў і нашых краін».
«Я думаю, што нам трэба і з заканадаўчай уладай больш працаваць, — заўважыла спікер Савета Рэспублікі. — Супрацоўніцтва парламентарыяў на сучасным этапе вельмі важнае, калі народныя прадстаўнікі кантактуюць, і на многіх міжнародных пляцоўках мы гаворым праўду, — гэта дарагога варта. Заўсёды будзем рабіць усё для таго, каб прынятыя рашэнні і дамоўленасці, якія былі дасягнуты на вышэйшым узроўні, нашымі ўрадамі, кіраўніцтвам абласцей, рэгіёнаў, — выконваліся. Мы павінны працаваць так, каб гэта было эканамічна выгадна для нашых краін і, вядома, рэзультатыўна. Таму мы ў любым выпадку падключаемся да вырашэння ўсіх пытанняў і задач, якія ставіць перад намі Прэзідэнт краіны. Вы можаце заўжды разлічваць на нас для таго, каб добрыя адносіны паміж Беларуссю і Прыморскім краем прадаўжалі таксама дынамічна развівацца. Я ўпэўнена, што так і будзе».

У сваю чаргу Алег Кажамяка выказаў зацікаўленасць у пастаўках беларускіх прадуктаў харчавання, якія вызначаюцца высокай якасцю і падабаюцца жыхарам Прымор’я, а таксама сельскагаспадарчай, камунальнай, аўтадарожнай тэхнікі. З Далёкага Усходу ў нашу краіну пастаўляецца борная кіслата, рыба і морапрадукты, разглядаецца павелічэнне аб’ёмаў паставак рыбнай мукі.

«Дынаміка ў прамысловасці, у пастаўках сельгаспрадукцыі ў нас ёсць, — адзначыў губернатар. — Я магу заўважыць да гонару, што сёння вельмі шмат сустрэў землякоў з Амурскай вобласці, Сахаліна, якія прыехалі на выстаўку „Белагра“. Прыехалі прадстаўнікі з Прыморскага краю. Вельмі цікавая тэхніка, сёння мы глядзелі новыя энерганасычаныя трактары. Гэта такі сур’ёзны прарыў, дастаткова сур’ёзны крок у частцы імпартазамяшчэння».
«Жыхары Прымор’я ў многім каранямі звязаны з Беларуссю і з павагай ставяцца да вашай краіны», — падкрэсліў Алег Кажамяка.

Паводле БелТА.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю