Top.Mail.Ru

Беларусаў чакае пагодная ідылія? Сіноптыкі падзяліліся прагнозам на 8-13 верасня

Сіноптыкі падзяліліся прагнозам надвор’я на 8-13 верасня, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Цыклон Vilja, які абумовіў дажджлівыя і ветраныя выхадныя ў Беларусі, зрушыўся далёка на паўночны ўсход Еўрапейскай тэрыторыі Расіі. На пагодную арэну выйшаў сонечны антыцыклон Ulrich, сфарміраваны ў паветранай масе паўднёвых шырот. У сувязі з такімі змяненнямі ў атмасферы ў бліжэйшы час нас чакае цёплае і пераважна сухое надвор’е. Праўда, ужо ў чацвер і пятніцу асеннюю ідылію парушаць атмасферныя франты ад заходнеатлантычнага цыклону Wega, якія прынясуць з сабой не толькі дажджы, але і больш свежае паветра. Аднак да выхадных руль кіравання надвор’ем зноў пяройдзе ў рукі грэбеня высокага ціску, таму ў беларусаў ёсць усе шанцы на ўмерана цёплыя і адносна сухія выхадныя«, — расказалі ў Белгідрамеце.

Так, паводле прагнозаў сіноптыкаў, у бліжэйшыя двое сутак, 8-9 верасня, пад уплывам вобласці павышанага атмасфернага ціску ў Беларусі чакаецца пераважна сухое надвор’е. Пры гэтым з прычыны адвекцыі цёплага паветра з паўднёвага захаду Еўропы начныя мінімумы будуць вагацца ад плюс 5 да плюс 15, толькі ў ноч на 8 верасня пры ясным небе месцамі паветра ахалодзіцца да 2-4 градусаў вышэй за нуль, а максімальныя значэнні тэмпературы паветра днём прагназуюцца ў межах ад плюс 20 да 31 градуса.

У аўторак, 8 верасня, будзе пераважна без ападкаў. У начны і ранішні час месцамі чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 5-11 градусаў вышэй за нуль, месцамі — плюс 2-4 градусы. Днём будзе 20-26 градусаў цяпла.

У сераду, 9 верасня, будзе пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 5-12 градусаў цяпла, месцамі — плюс 13-15. Днём будзе ад плюс 22 па паўночным усходзе да 31 градуса спёкі па паўднёвым захадзе.

У чацвер-пятніцу, 10-11 верасня, атмасферныя франты, якія перамяшчаюцца праз тэрыторыю Беларусі, абумовяць кароткачасовыя дажджы, месцамі з навальніцамі. У дзённы час 10 верасня і на працягу сутак 11 верасня ў асобных раёнах краіны чакаецца ўзмацненне ветру парывамі 15-20 м/с. Услед за франтальнымі раздзеламі пачне паступаць паветраная маса з паўночнага захаду Еўропы, тэмпературны фон стане паступова паніжацца, але па-ранейшаму будзе знаходзіцца на 1-4 градусы вышэй за сярэднія шматгадовыя значэнні (кліматычная норма другой дэкады верасня — плюс 11,4-14 градусаў).

У чацвер, 10 верасня, ноччу ў асобных раёнах па поўначы, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Месцамі магчымы навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. У дзённы час месцамі прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе 10-17 градусаў вышэй за нуль, днём — ад плюс 19 па захадзе да 29 градусаў цяпла па паўднёвым усходзе.

У пятніцу, 11 верасня, ноччу месцамі па краіне, днём у асобных раёнах Віцебскай вобласці пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы. Месцамі магчыма ўзмацненне ветру парывамі да 15-18 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе 6-12 градусаў вышэй за нуль, па паўднёвым усходзе — да плюс 14 градусаў. Днём будзе 15-22 градусы цяпла.

«У выхадныя з ростам атмасфернага ціску колькасць і інтэнсіўнасць ападкаў зменшыцца, яны прымуць лакальны характар. Разам з тым захаваецца ўмерана цёплае надвор’е з дзённымі максімумамі 14-22 градусы цяпла, месцамі — да плюс 24. У начны і ранішні час у вільготным паветры ў асобных раёнах будуць згушчацца непрацяглыя туманы», — адзначылі ў Белгідрамеце.

У суботу, 12 верасня, будзе пераважна без ападкаў, толькі днём месцамі па поўдні пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 5-12 градусаў вышэй за нуль, днём — 14-21 градус цяпла.

У нядзелю, 13 верасня, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 5-12 градусаў вышэй за нуль. Днём будзе 15-22 градусы цяпла, месцамі — да плюс 24.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю