Казахстанска-беларускія літаратурныя сувязі напоўніцу пачалі фарміравацца ў 1930-я гады, калі ў Мінску ў 1936 годзе прайшоў пленум Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР. Удзел у абмеркаванні надзённых праблем развіцця літаратуры прымала і дэлегацыя з Казахстана. А на старонках беларускага перыядычнага друку з’явіліся ў перакладзе на беларускую мову творы казахскіх паэтаў.
Пра вытокі яднання беларускай і казахскай літаратур, пра сённяшні дзень літаратурных сувязяў паміж Беларуссю і Казахстанам расказвае на старонках выдадзенай у Алматы кнігі «Пародненыя вайной і цаліною» народны пісьменнік Казахстана Любоў Шашкова. Дарэчы, аўтар — наша зямлячка, нарадзілася на Гомельшчыне. Але вось ужо паўвека жыве і працуе ў Казахстане. Любоў Канстанцінаўна на старонках даследавання, якое ажыццявіла і пры падтрымцы беларускага боку — Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, расказвае, як Казахстан, Алматы, іншыя мясціны тагачаснай Казахскай ССР падтрымалі беларусаў у перыяд эвакуацыі ў Вялікую Айчынную вайну, як казахі змагаліся на фронце і ў партызанскіх атрадах, набліжаючы Вялікую Перамогу. Расказвае і пра беларусаў-цаліннікаў, пра маладых літаратараў, якія ў 1950-я — у пачатку 1960-х гадоў праходзілі выпрабаванне на працоўную сталасць у казахстанскім стэпе.
У кнізе — партызанскі лёс празаіка і літаратуразнаўца, беларускага партызана Адзі Шарыпава, франтавая біяграфія паэта Сагінгалі Сяітава, які ўдзельнічаў у вызваленні Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гісторыя пра паэму Жубана Малдагаліева, які напісаў паэму «Арліны стэп» пра казахскага хлопчыка, якога вайна застала ў Брэсце і якога пасля выратавала беларуская сям’я...
Даследаванне «Пародненыя вайной і цаліною» выдадзена ў рамках праграмы «Даследчыя працы казахстанскіх пісьменнікаў у архівах краін СНД». Асобныя экзэмпляры кнігі трапілі ў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, у іншыя асветніцкія ўстановы і бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.
Мікола БЕРЛЕЖ