Top.Mail.Ru

Беларуса- і русафобскія настроі літоўскай улады вядуць толькі да чалавечых ахвяр

НАТА: як страціць салдат, нават не пачынаючы вайну

Гледзячы на тое, якую клаунаду зладзіла літоўскае кіраўніцтва на цырымоніі развітання з загінулым на нядаўніх вучэннях бельгійскім вайскоўцам, і на галашэнні з гэтай нагоды кіраўніка Літвы Гітанаса Наўседы ўспомніўся адзін анекдот пра гіпатэтычную вайну Расіі з НАТА, дзе адзін з натаўскіх генералаў дакладвае свайму камандуючаму:

— Як абстаноўка на ўсходнім флангу?

— Ваюем з Расіяй!

— Якія нашы страты?

— Пяць танкаў, дзесяць бронеаўтамабіляў і каля 300 салдат!

— А расійскія страты?

— А Расія на вайну не прыйшла!

Менавіта гэтым анекдотам можна вельмі добра ахарактарызаваць тую абстаноўку, якая складваецца сёння на беларускай і расійскай граніцах. Неадэкватныя дзеянні еўрапейскіх палітыкаў, асабліва ўсходнееўрапейскіх, вядуць да вельмі небяспечнай і ў той жа час трагічнай сітуацыі. Выступаючы на цырымоніі развітання, прэзідэнт Літвы заявіў, што «вельмі шкада, што маладое жыццё абрываецца пры такіх абставінах, але гэта цана, якую гатовыя заплаціць нашы саюзнікі»... Пытанне толькі ў тым, за што павінны плаціць жыццямі сваіх грамадзян саюзнікі Літвы? За неадэкватную беларуса- і русафобскую істэрыю літоўскага палітычнага істэблішменту ці можа за аб’ёмы раскрадзеных ім еўрапейскіх грантаў на нацыянальную бяспеку? Ды і само выкананне простых правіл бяспекі пры стральбе ніхто не адмяняў. Але калі мінамётчык, адправіўшы міну ў трубу мінамёта, яшчэ і зазірае туды... Увогуле, з гэтай нагоды — без каментарыяў.

Спрабуючы схаваць свой непрафесіяналізм, літоўскія ўлады, як звычайна, сталі ва ўсім вінаваціць Беларусь і Расію, а натаўскія генералы прыцягнулі свае канапавыя войскі і кухонных экспертаў, якія сталі распавядаць гісторыі з паралельнага сусвету. Напрыклад, бельгійскі эксперт па абароне Роб Ван Херк, выступаючы на тэлеканале HLN, заявіў, што, аказваецца, бельгійскі вайсковец зараджаў у мінамёт ледзь не атамную бомбу, здольную знішчыць цэлы стадыён: «прылады зараджаюць вельмі цяжкімі снарадамі — па 16 кілаграмаў кожны. З іх дапамогай можна сцерці з карты мясцовасць памерам з футбольнае поле».

Характэрна, што да цяперашняга няшчаснага выпадку Літве адбыўся яшчэ адзін трагічны інцыдэнт. Ён скончыўся гібеллю аж чатырох адважных натаўскіх ваяк з 3-й пяхотнай дывізіі, што дыслацыруецца ў штаце Джорджыя (ЗША), якія прымалі ўдзел у вучэннях на палігоне каля Пабрадзе. І сітуацыя таксама датычылася непрафесіяналізму арганізатараў вучэнняў і адсутнасці найпрасцейшых мер бяспекі. Тады члены экіпажа браніраванай рамонтна—эвакуацыйнай машыны M88 Hercules, якая важыць больш за 50 тон, знаходзіліся ў стане ці то наркатычнага, ці то алкагольнага ап’янення (следства засакрэціла гэтыя даныя — «Зв.»), нягледзячы на ўсе папераджальныя і забараняльныя знакі, утапіліся ў адзіным невялікім балоце, якое мелася на тэрыторыі палігона. Амаль цэлы тыдзень спатрэбіўся «самай сучаснай арміі свету» і іх літоўскім калегам, каб знайсці велізарную машыну і падняць наверх целы загінулых салдат. Як сцвярджалі пасля следчыя, праблема заключалася не ў няведанні экіпажам мясцовасці, а ў грубым невыкананні асноў бяспекі і парушэнні дысцыпліны... Прычым усімі ўдзельнікамі інцыдэнту: як арганізатарамі вучэнняў, так і самімі вайскоўцамі. Цікава, што тады ж у сеціве выявіліся і даклады аб той самай 3-й пяхотнай дывізіі, дзе не раз выяўлялі салдат, якія ўжывалі наркотыкі.

Ну і, вядома, у самы першы дзень пошукаў, як і ў гэты раз, літоўскія ўлады з пенай на вуснах адразу сталі даказваць, што ў знікненні амерыканскай рамонтна-эвакуацыйнай машыны з экіпажам вінаватыя беларускія спецслужбы. Гэта значыць, усе свае хібы і непрафесіяналізм у забеспячэнні бяспекі Вільнюс спісвае на дзеянні беларускіх альбо расійскіх спецслужбаў.

Пры гэтым адкрыта не заўважае, што колькасць інцыдэнтаў з натаўскімі вайскоўцамі, дыслацыраванымі на тэрыторыі Літвы або прыбываючымі туды на вучэнні, штогод павялічваецца. Напрыклад, можна ўспомніць, як падчас чарговых манеўраў амерыканскі вайсковы «Хамер» з 2-га батальёна Нацыянальнай гвардыі Мінесоты (ЗША) пры выездзе з другараднай дарогі ў раёне Марыямпаля не прапусціў легкавы аўтамабіль «Фольксваген Пасат». 

У выніку сутыкнення сур’ёзна пацярпелі тры жанчыны, якія знаходзіліся ў легкавушцы. Пры гэтым віноўнік здарэння — амерыканскі вайсковец — не панёс якога-небудзь пакарання. Яшчэ адзін выпадак адбыўся ў Клайпедзе, дзе мясцовая паліцыя часова затрымала пяцярых п’яных і агрэсіўна настроеных чэшскіх вайскоўцаў у начным клубе. Салдаты ўчынілі дэбош, разносячы забаўляльную ўстанову, і адмовіліся падпарадкавацца паліцэйскім, устроіўшы з імі бойку.

Прычым, што цікава, часта здарэнні носяць характар дэманстратыўнай непавагі да Літвы як суверэннай дзяржавы. Так, пару гадоў таму амерыканскі баец спецназа спакойна справіў патрэбу «па-маленькаму» на будынак Міністэрства ўнутраных спраў Літвы ў цэнтры Вільнюса, а да гэтага яго два пабрацімы сарвалі дзяржаўны сцяг Літвы з будынка пракуратуры ў Каўнасе. Тады, па паведамленні літоўскіх СМІ, паліцыі было дадзена распараджэнне не каменціраваць інцыдэнт, бо сярод ваенных НАТА амерыканскія вайскоўцы стаяць асабняком і не падпадаюць пад мясцовую юрысдыкцыю, незалежна ад рангу і статусу. 

А то «гегемон і гаспадар» можа пакрыўдзіцца на гэта.

Калі падсумаваць усё вышэйсказанае, то дзякуючы свайму геніяльнаму палітычнаму кіраўніцтву жыхары Літвы ў цэлым могуць быць вельмі задаволеныя — іх нацыянальны гонар не падвяргаецца ціску з боку Беларусі ці Расіі. З гэтым выдатна спраўляюцца натаўскія вайскоўцы, якія разглядаюць гэта як кампенсацыю за «нялёгкую службу» па ахове ўсходніх рубяжоў Паўночнаатлантычнага альянсу.

Сяргей ЭМБЕРГ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю