Top.Mail.Ru

Беларусам спрасцілі наведванне пагранзоны: якія новаўвядзенні з'явіліся ў заканадаўстве аб дзяржграніцы?

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале афіцыйна апублікаваны Закон Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2026 года №130-З "Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі". Дакумент спрашчае наведванне пагранзоны, паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце.

«Асноўная мэта паправак у частцы, якая датычыцца пагранічнага ведамства, — гарманізацыя заканадаўства аб дзяржаўнай граніцы, узмацненне абароны ад знешніх пагроз пры адначасовым стварэнні больш зручных умоў для грамадзян і бізнесу», — адзначылі ў ведамстве.

Так, пашыраны пералік дакументаў, якія даюць права беларускім грамадзянам знаходзіцца ў пагранічнай зоне. У пералік дадаткова ўключаны пенсіённае пасведчанне, пасведчанне інваліда, студэнцкі білет і білет навучэнца. Прадугледжваецца магчымасць транзітнага руху да месца жыхарства (знаходжання) у пагранічнай паласе фізічных асоб без неабходнасці атрымання імі адпаведных пропускаў. Таксама выключаецца патрабаванне аб праверцы наяўнасці адпаведных пропускаў пры продажы праязных дакументаў для праезду ў транспартных сродках, якія ідуць па маршрутах рэгулярных зносін у населеныя пункты, размешчаныя ў межах пагранічнай зоны або пагранічнай паласы.

Акрамя таго, выключаецца неабходнасць атрымання дазволу органаў пагранічнай службы на ажыццяўленне гаспадарчай і іншай дзейнасці ва ўнутраных водах Беларусі (водах рэк, азёр і іншых паверхневых водных аб’ектаў, берагі якіх цалкам належаць Рэспубліцы Беларусь) у межах пагранічнай зоны. 

Таксама з мэтай забеспячэння нацыянальнай бяспекі з 1 красавіка 2026 года органы пагранічнай службы ўпаўнаважваюцца на ажыццяўленне дактыласкапічнай рэгістрацыі ў дачыненні да асобных катэгорый замежнікаў пры перасячэнні імі дзяржаўнай граніцы. «Пры ажыццяўленні пагранічнага кантролю абавязковую дактыласкапічную рэгістрацыю будуць праходзіць замежнікі, якія падлягаюць дэпартацыі або высылцы, а таксама якія перадаюцца замежнай дзяржаве ў рамках рэадмісіі, уключаны ў спіс асоб, чый уезд у нашу дзяржаву забаронены або непажаданы, а таксама замежнікі, якія ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы», — растлумачылі ў ДПК.

Пры гэтым дадзенай працэдуры не падлягаюць непаўналетнія да 14 гадоў і замежнікі, якія дасягнулі 75-гадовага ўзросту; грамадзяне Расіі, за выключэннем асоб, якія падлягаюць дэпартацыі або высылцы, а таксама якія ўключаны ў спіс асоб, уезд якім у Беларусь забаронены альбо непажаданы; кіраўнікі замежных дзяржаў і ўрадаў, дыпламаты; некаторыя іншыя катэгорыі замежнікаў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю