«Беларусбанк» паведамляе аб увядзенні з 24 лістапада новых абмежаванняў на аперацыі з выкарыстаннем плацежных карт. Усё для павышэння ўзроўню абароны кліентаў ад несанкцыянаванага доступу і дзеянняў зламыснікаў, якія актыўна выкарыстоўваюць метады сацыяльнай інжынерыі для атрымання канфідэнцыйных даных.
Раней ужо ўкараняліся ліміты на зняцце грашовых сродкаў. Так, уладальнікі картак «Аксаміт» могуць знімаць праз банкаматы на тэрыторыі Беларусі не больш за 600 беларускіх рублёў на працягу аднаго дня. Для трымальнікаў іншых картак банка вызначана абмежаванне ў памеры 1000 рублёў. Ключавой зменай стала ўстанаўленне гэтых сутачных лімітаў на зняцце наяўных грашовых сродкаў любым бескантактным спосабам, у тым ліку з выкарыстаннем лічбавых рэквізітаў у банкаматах «Беларусбанка» (так званых токенаў, згенерыраваных у мабільных плацежных сэрвісах) і іншых банкаў на тэрыторыі Беларусі. За межамі краіны такія аперацыі зусім будуць забаронены. Акрамя таго, правіламі ўстаноўлены забароны на выкарыстанне картак, аформленых у рамках банкаўскіх прадуктаў «Карта навучэнца» і «Клуб «Зебра» для разлікаў у арганізацыях, звязаных з азартнымі гульнямі і латарэямі.
Большасць кліентаў змогуць зняць ліміты, звярнуўшыся ў кантакт-цэнтр банка па тэлефоне 147 ці наведаўшы яго аддзяленне. Для трымальнікаў жа картак «Аксаміт» адмена абмежаванняў магчымая выключна ў аддзяленнях банка на падставе пісьмовай заявы. Аналагічны парадак прымяняецца ў выпадках, калі ў аператара кантакт-цэнтра ўзнікаюць сумненні ў асобе таго, хто тэлефануе, або калі нумар тэлефона не супадае з данымі ва ўліковай сістэме банка. Адзначаецца, што абмежаванні, якія ўводзяцца з 24 лістапада, не будуць ужытыя да карт кліентаў, якія ўжо адмянялі аналагічныя ліміты, устаноўленыя раней.
Трымальнікі дэбетавых карт «Беларусбанка» могуць устанаўліваць індывідуальныя абмежаванні на правядзенне аперацый з выкарыстаннем сэрвісу «On-line ліміты» ў Інтэрнэт-банкінгу і М-Банкінгу. У рамках гэтага сэрвісу даступна настройка лімітаў на зняцце наяўных грошай, аплату ў Інтэрнэце і ў арганізацыях гандлю як на тэрыторыі Беларусі, так і за мяжой. Таксама можна актывізаваць забароны на ажыццяўленне аперацый у пэўных краінах або без фізічнай прысутнасці карты.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц