Top.Mail.Ru
262

«Беларусьфільм» раскажа дзецям пра дзяржаўныя святы і сімвалы

Сур’ёзна падышлі маленькія гледачы да культпаходу ў кінатэатр «Піянер», дзе адбывалася ўрачыстае прадстаўленне прэм’ернай анімацыйнай стужкі «Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар свят». Вядома, назва абавязвае. Але такое адчуванне, што ўсе былі гатовыя да своеасаблівай віктарыны, якая адбывалася ўпачатку. Ці то сапраўды, нягледзячы на ўзрост, малыя ўжо ведаюць адказы на пытанні, што датычацца дзяржаўнага будаўніцтва? Ці, можа, адмыслова рыхтаваліся? Альбо тут адразу трэба разумець: гэта беларускія дзеці.


Адказы яны выкрыквалі ледзь не хорам, калі кароль і каралева (гульнявыя персанажы) задавалі сур’ёзныя пытанні на веданне таго, што такое... Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, навошта яна патрэбна; што такое Дзень Незалежнасці, навошта створаны Музей Вялікай Айчыннай вайны і гэтак далей. Гэта была толькі размінка, якая засведчыла: да прагляду мультфільма яны будуць гатовыя. І сам сабой прыходзіць на розум працяг гэтай фразы: заўсёды гатовыя. Так выхоўваюць грамадзян Рэспублікі Беларусь.

А мультфільм — адзін са сродкаў выхавання. Гэты мультыплікацыйны фільм складаецца з шасці эпізодаў, у кожным з якіх дарослыя — тата з мамай ці дзядуля — распавядаюць самым маленькім дзеткам пра нейкую асаблівую дату ці сімвал краіны. Кожная з гэтых частак можа быць паказана асобна, калі для гэтага ёсць нагода. Ідэя фільма належыць дырэктару «Беларусьфільма» Юрыю Аляксею, адзначыла падчас сустрэчы з малымі гледачамі рэжысёр Алена Турава. Паводле яе слоў, над стужкай (яна доўжыцца 17 хвілін. — «Зв.») каля года працаваў даволі вялікі калектыў аніматараў, сярод якіх ёсць тыя, для каго гэта праца стала дэбютам у рэжысуры.

— Мы на студыі анімацыйных фільмаў робім розныя стужкі: казкі, фільмы, прысвечаныя важным асобам нашай краіны; таксама распавядаем пра значныя для яе падзеі, — сказала Алена Турава. — У тым ліку ствараем фільмы, у якіх расказваецца пра важныя рэчы, што дапамагаюць вырасці добрымі, мужнымі, смелымі, адказнымі асобамі, якія любяць сваю радзіму.

Пачынаецца расповед з сюжэта пра Дзень Канстытуцыі: хлопчыку трэба намаляваць паштоўку да гэтага свята, а ён не разумее, што яно значыць. Што ж, мудры бацька расказвае яму і меншай сястрычцы пра тое, што такое правы і законы, чаму і дзеля чаго іх прыдумалі людзі, і калі быў прыняты Асноўны Закон у Беларусі. Вось такі кароткі экскурс ў гісторыю, які пераходзіць фактычна ва ўводзіны ў грамадазнаўства.

Пра якія яшчэ дзяржаўныя святы расказваюць стваральнікі? Ёсць часткі пра Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень народнага адзінства. І асобны расповед — пра дзяржаўныя сімвалы. Уявіце сабе: дзеці з маленства разумеюць, што ёсць не толькі папулярныя ў народзе нефармальныя сімвалы нашай краіны, такія як дранікі, валошка ці зубр. Беларускія дзеці пазнаюць сімвалы, замацаваныя на дзяржаўным узроўні, і ўжо ведаюць, што трэба рабіць, калі гучыць гімн...

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю