Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» выпусціла ў свет чарговую прэм’еру. На студыі анімацыйных фільмаў выйшла поўнаметражная кінастужка «Мемарыяльныя комплексы — 2». У ёй гледачам прапаноўваецца пяць новых дакументальна-мастацкіх навел, якія распавядаюць пра месцы ўшанавання гісторыі і гераічнага мінулага нашага народа.
Стваральнікамі працягу стаў аўтарскі калектыў рэжысёраў у складзе Канстанціна Андрушачкіна, Наталлі Касцючэнка, Аляксандра Ленкіна, Ірыны Тарасавай і Юліі Пінцак. Другая частка анімацыйна-дакументальнага альманаха распавядае пра пяць унікальных мемарыяльных комплексаў «Масюкоўшчына», «Хатынь», «Брэсцкая крэпасць-герой», мемарыял «За нашу Савецкую Радзіму» (прысвечаны легендарнай «Кацюшы»), мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці. У кожным з аўтарскіх аповедаў спалучаюцца дакументальная і анімацыйная часткі. Гэта дазваляе больш акцэнтна раскрыць заяўленыя тэмы і робіць змест кінанавел зразумелым для гледачоў нават зусім юнага ўзросту.
— Канкрэтна ў рабоце над «Кацюшай» рабіўся акцэнт на тое, каб распавесці гледачам пра невядомае. Мы ж усе чулі, што гэта легендарная зброя, якая вялікую ролю адыграла ў вайне. А вось як яна працавала, хто ўклаў у яе душу, хто аддаў уласнае жыццё, каб машына не дасталася немцам, у чым быў галоўны сакрэт гэтай тэхнікі? — падзялілася рэжысёр студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Ірына ТАРАСАВА. — Словам, мы імкнуліся знайсці нейкія асаблівасці, нюансы, якія дазволяць простаму гледачу па-іншаму паглядзець на легендарную «Кацюшу». Гісторыя ў нас, лічу, атрымалася цікавай і кранальнай.
І так можна сказаць пра кожны з пяці міні-фільмаў. У іх ёсць і цікавыя факты, і лёсы сапраўдных герояў, аўтарскі погляд і нагода паразважаць аб тым, якой цаной, маштабам людскіх ахвяр і гераізмам дасталася нашаму народу Вялікая Перамога. Убачыць фільм можна ў кінатэатрах па ўсёй краіне.
Фота дадзены «Беларусьфільмам»