Top.Mail.Ru

Беларуска Бялькова стала чэмпіёнкай Еўропы па муай-тай, у зборнай 33 узнагароды турніру ў Парыжы

Беларускія спартсмены заваявалі больш за трыццаць медалёў чэмпіянату Еўропы па тайскім боксе, які прайшоў у Парыжы, паведамляе БелТА.


Удзельнікі турніру вызначылі лепшых у шасці ўзроставых катэгорыях. Адзінае золата ў элітнай групе Беларусі прынесла Дар’я Бялькова, якая выступае ў вазе да 63,5 кг. У чвэрцьфінале наша спартсменка перамагла Адэлу Колінскую з Чэхіі, у паўфінале адолела эстонку Сігрыд Капанен, а ў вырашальным баі нанесла паражэнне турчанцы Румейзе Чычэк.

Таксама да фіналаў дарослага кантынентальнага форуму дайшлі двое нашых юнакоў. Георгій Фокін (да 67 кг) па ходзе турніру прайшоў сапернікаў з Францыі, Малдовы і Азербайджана, а Данііл Дзедавец (да 63,5 кг) выбіў атлетаў з Германіі і Польшчы. У паядынках за золата абодва беларусы ўступілі прадстаўнікам Украіны.

Трэцімі на чэмпіянаце Еўропы сталі Аляксандр Юшко (да 51 кг), Яўген Федарынчык (да 71 кг), Руслан Кямалаў (да 81 кг), Мікіта Кокаш (да 91 кг), Яўген Закрэўскі (U24, да 81 кг) і Варвара Святлічная (да 75 кг). З улікам прызавых месцаў у малодшых узроставых катэгорыях на ЧЕ ў Парыжы нашы байцы заваявалі 33 узнагароды — 10 залатых, 13 сярэбраных і 10 бронзавых.

Усяго ўдзел у спаборніцтвах прынялі 560 спартсменаў з 36 краін, Беларусь прадставілі 47 чалавек. У агульным медальным заліку наша каманда заняла чацвёртае месца ўслед за Расіяй, Украінай і Францыяй.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю