69

Беларуска-кітайскі маладзёжны форум упершыню пройдзе ў БДУ

20.06.2025 | 14:23

24-26 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ўпершыню пройдзе беларуска-кітайскі маладзёжны форум, паведамляе БелТА.



Арганізатарамі выступаюць БДУ і Пекінскі ўніверсітэт (ПКУ) у рамках міжуніверсітэцкага свята «Дні дружбы і адзінства БДУ і ПКУ», заснаванага дзвюма ВНУ ў мінулым годзе. «Усяго форум збярэ каля 200 удзельнікаў з ліку таленавітых студэнтаў, маладых вучоных, органаў студэнцкага самакіравання Беларусі і Кітая. Гэта прадстаўнікі 36 беларускіх ВНУ: БДУ, МДЛУ, БДЭУ, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Кітайскі бок прадставяць студэнты з 11 ВНУ: Пекінскага ўніверсітэта, Харбінскага політэхнічнага ўніверсітэта, Пекінскага педагагічнага ўніверсітэта, Універсітэта імя Сунь Ятсена, Паўднёва-Усходняга ўніверсітэта і іншых. У гісторыі двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая форум — гэта ўнікальная падзея, якую ініцыяваў у чэрвені 2024 года кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з тагачасным сакратаром партыйнага камітэта ПКУ Хаа Пінам. Маштабнае мерапрыемства дасць магчымасць умацаваць партнёрскія адносіны, вывесці на новы ўзровень узаемадзеянне дзвюх краін у галіне маладзёжнай палітыкі, створыць пляцоўку для міжкультурнага абмену», — праінфармавалі ў прэс-службе.

Трохдзённую праграму адкрые цырымонія ўскладання кветак да стэлы «Мінск — горад-герой». Прадоўжыцца форум работай круглых сталоў, дыялогавых пляцовак, інтэрактыўных семінараў. «На ўзроўні кіраўніцтва ўніверсітэтаў-удзельнікаў запланаваны разгляд найбольш эфектыўных практык работы з таленавітымі студэнтамі. Цэнтральнай падзеяй форуму заяўлены эўрыстычны занятак „Масты перспектыў“. Правядзе яго для беларускіх і кітайскіх студэнтаў рэктар БДУ Андрэй Кароль. Гэты інтэнсіў накіраваны на выбудоўванне эфектыўнай камунікацыі з моладдзю, раскрыццё ўнутранага патэнцыялу студэнтаў, набыццё імі новых сэнсаў і лепшага разумення свайго прызначэння для грамадства і краіны ў цэлым. Навуковую тэматыку разгледзяць на секцыі, якая ўключае фарсайт-сесію па пытаннях развіцця прафесійных кантактаў вучоных і выстаўку інавацыйных распрацовак маладых даследчыкаў дзвюх краін», — адзначылі ў БДУ.

Прадоўжыцца праграма на спартыўнай пляцоўцы Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе адбудзецца таварыская гульня па баскетболе паміж жаночымі студэнцкімі зборнымі БДУ і ПКУ. Таксама для азнаямлення з культурна-гістарычнай спадчынай Беларусі для ўдзельнікаў форуму арганізуюцца экскурсіі ў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», нацыянальны парк «Белавежская пушча». Акрамя таго, у рамках падзеі пройдуць майстар-класы па трыдыцыйнай і прыкладной творчасці дзвюх краін — гэта пляценне з саломкі, каліграфія, чайная цырымонія.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю