У Брэсце 19-22 кастрычніка плануюць правесці беларуска-кітайскі турыстычны форум. Пра гэта паведамілі ў Брэсцкім аддзяленні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
Мерапрыемства аб’яднае больш за 150 удзельнікаў. У Брэсце збяруцца прадстаўнікі дзелавых колаў у сферы туріндустрыі, дзяржаўных органаў і профільных асацыяцый з правінцый Хубэй, Шаньсі, Гуйчжоу, гарадоў Пекін, Урумчы, Шанхай і іншых. У тым ліку на форуме чакаюць прадстаўнікоў кітайскай дыяспары, якія пражываюць у Беларусі. Гэта пляцоўка для сустрэчы тураператараў, атэльераў, авіякампаній, лічбавых платформаў прафесійных асацыяцый, дзяржструктур, СМІ і трэвел-блогераў.
Праграма прадугледжвае панэльныя сесіі, B2B-перагаворы, падпісанне мемарандумаў. Бакі абмяркуюць ключавыя тэмы для супрацоўніцтва: топавыя турыстычныя маршруты і лакацыі Брэсцкай вобласці і Кітая, выбудоўванне лагістыкі, укладанні ў турыстычную інфраструктуру, рэалізацыю сумесных праектаў, развіццё гасцінічнай базы і транспартнай лагістыкі, выкарыстанне цыфравізацыі ў індустрыі, падрыхтоўку кадраў.
«У канферэнц-зале Брэсцкага гарвыканкама 20 кастрычніка адбудуцца дыскусійныя панэлі, будуць працаваць зоны гасціннасці. Намечаны дзелавыя сустрэчы і B2B-перагаворы партнёраў з Беларусі і Кітая. Будзе прэзентаваны турыстычны патэнцыял Брэстчыны. Адбудзецца абмен вопытам у маркетынгу, лічбавых рашэннях і стандартах якасці. У праграме 21 і 22 кастрычніка — рэкламны тур для кітайскіх гасцей па топ-аб’ектах Брэсцкай вобласці», — расказалі ў Брэсцкім аддзяленні БелГПП. Падчас тура" ўдзельнікі пабываюць у Косаўскім палацы, нацыянальным парку «Белавежская пушча», мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» і аграсядзібах, прадэгуставалі стравы беларускай кухні.
Арганізатарамі форуму выступаюць Брэсцкае аддзяленне гандлёва-прамысловай палаты і Брэсцкі аблвыканкам пры падтрымцы Нацыянальнага агенцтва па турызме, пасольства Беларусі ў Кітаі, рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый і Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі.