Top.Mail.Ru

Беларуска-кітайскія адносіны працягваюць актыўна развівацца

Пад стратэгічным кіраўніцтвам Старшыні КНР Сі Цзіньпіна і Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі кітайска-беларускія адносіны ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства працягваюць стабільна развівацца і прынеслі багаты плён. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуань на семінары па абмене досведам дзяржаўнага кіравання паміж Кітаем і Беларуссю, які правяла дыпламатычная місія ў Мінску.

— У канцы чэрвеня адбыўся паспяховы візіт Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Старшыня Сі Цзіньпін аказаў сардэчны прыём Прэзідэнту. Кіраўнікі дзвюх дзяржаў дасягнулі важнага кансэнсусу аб паглыбленні кітайска-беларускіх адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, тым самым забяспечыўшы самую фундаментальную гарантыю высокага ўзроўню развіцця кітайска-беларускіх адносін, — адзначыў Чжан Вэньчуань.

Як падкрэсліў пасол, двухбаковыя кантакты на вышэйшым узроўні адрозніваюцца высокай актыўнасцю. Стратэгічная падтрымка стала яшчэ больш трывалай. Абедзве краіны нязменна і цвёрда падтрымліваюць адна адну па пытаннях, якія закранаюць іх карэнныя інтарэсы, і шчыльна ўзаемадзейнічаюць у шматбаковых фарматах — на пляцоўках ААН, ШАС, БРІКС і іншых. Кітайскі бок цвёрда падтрымлівае Беларусь у абароне суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці.

Дзелавое супрацоўніцтва прыносіць багаты плён. Кітай трывала ўтрымлівае пазіцыі другога па велічыні гандлёвага партнёра і трэцяй па значнасці крыніцы інвестыцый Беларусі. За дзесяць месяцаў гэтага года аб’ём тавараабароту паміж Кітаем і Беларуссю дасягнуў 9,1 мільярда долараў ЗША, павялічыўшыся амаль на трэць (на 31,1%) у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пры гэтым стратэгічны паказчык зноў абнавіў гістарычны максімум. 

Пагадненне аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый паміж Кітаем і Беларуссю, якое ўступіла ў дзеянне ў пачатку гэтага года, адыгрывае актыўную ролю ў развіцці гандлю і інвестыцый паміж дзвюма краінамі. «Планамерна праходзіць Год прамысловай кааперацыі Кітая і Беларусі. З поспехам прайшлі і прынеслі важкія вынік спецыяльны форум „Экспарт беларускіх тавараў у Кітай“, Кітайска-беларускі форум прамысловага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва і першы Кітайска-беларускі форум рэгіёнаў», — падкрэсліў пасол. 

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» стабільна развіваецца: за дзесяць месяцаў у ім зарэгістраваліся 35 новых рэзідэнтаў, і іх агульная колькасць дасягнула 184. Як паведаміў Чжан Вэньчуань, нядаўна на тэрыторыі парка афіцыйна запушчаны мультымадальны чыгуначны тэрмінал, што садзейнічае сумеснаму будаўніцтву ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» і прыносіць карысць абедзвюм краінам і іх народам.

Гуманітарнае супрацоўніцтва багатае на яркія падзеі. З поспехам прайшоў другі Кітайска-беларускі маладзёжны форум, механізм Кітайска-беларускай Асацыяцыі ўніверсітэтаў дзейнічае на пастаяннай аснове, створаны «Кітайска-беларускі інстытут выдатных інжынераў». У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце адкрыўся восьмы па ліку Інстытут Канфуцыя. Працягваецца рэалізацыя міжурадавых навукова-тэхнічных праектаў дзвюх краін, створаны саюз па супрацоўніцтве ў рамках сумесных кітайска-беларускіх лабараторый. 

Кітайскі бок правёў у Беларусі каля 40 культурных мерапрыемстваў, уключаючы «Вясёлае свята вясны» і «Чай для гармоніі міру», у іх прынялі ўдзел дзясяткі тысяч беларускіх грамадзян, якія праявілі вялікую цікавасць да кітайскай культуры. Як адзначыў кіраўнік дыпмісіі, супрацоўніцтва ў сферы турызму стала новым яркім напрамкам: бакі правялі шэраг прэзентацый турыстычнага патэнцыялу. Кітай выйшаў на другое месца па колькасці турыстаў, якія ўязджаюць у Беларусь, значна ўзрасла і колькасць беларускіх турыстаў, якія наведваюць КНР. За год да спісу гарадоў-пабрацімаў дадаліся тры новыя пары, і агульная колькасць гарадоў-пабрацімаў і рэгіёнаў-партнёраў дасягнула 56 пар.

— Кітай і Беларусь — сапраўдныя сябры, якія шчыра падтрымліваюць адно аднаго, і добрыя партнёры, якія разам імкнуцца да развіцця і працвітання, — падкрэсліў Чжан Вэньчуань. — Налета спаўняецца 35 гадоў з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Кітаем і Беларуссю. Кітайскі бок гатовы разам з беларускім бокам прымнажаць традыцыйнае сяброўства, умацоўваць стратэгічны ўзаемадавер, пашыраць узаемавыгаднае супрацоўніцтва, сумесна садзейнічаць развіццю і працвітанню і бесперапынна павышаць дабрабыт народаў абедзвюх краін.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю