У актыве нашай каманды восем медалёў (4-1-3). Трохразовай пераможцай спаборніцтваў стала Паліна Конрад, на рахунку якой золата ў гонцы з выбываннем, гонцы па ачках і омніуме. Таксама тры ўзнагароды ўзяла Аліна Кароткіна: у яе серабро ў скрэтчы і дзве бронзавыя ўзнагароды (омніум і гонка па ачках). Трэцяе месца ў гонцы з выбываннем заняла Адэліна Сакун. Яшчэ адна беларуска Валерыя Сцепанец двойчы спынялася за крок ад подыума.
У мужчын перамогу ў скрэтчы атрымаў наш Арсеній Кашавой, яго суайчыннік Уладзіслаў Каўрыга быў у гэтым відзе праграмы шостым. Акрамя таго, Данііл Міронаў паказаў чацвёрты рэзультат у гонцы з выбываннем, а Арцём Барушкаў стаў чацвёртым у гонцы па ачках. Удзел у Гран-пры Намангана таксама прымалі гоншчыкі з Узбекістана, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Турцыі і Індыі.
На мінулым тыдні беларускія спартсмены паспяхова выступілі на Гран-пры Ташкента, здабыўшы чатыры залатыя, адзін сярэбраны і два бронзавыя медалі. Усе ўзнагароды вышэйшай пробы тады прынесла 21-гадовая Паліна Конрад. Абодва турніры ва Узбекістане прайшлі пад эгідай Міжнароднага саюза веласіпедыстаў (UCI).