Ігар Сергяенка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Куба Сант’яга Перэсам Бенітэсам.
Падчас мерапрыемства Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што спектр беларуска-кубінскага супрацоўніцтва даволі шырокі, а сустрэчы парламентарыяў Беларусі і Кубы заўсёды праходзяць у атмасферы дружбы і ўзаемаразумення.
«У нас адзіныя падыходы да захавання гістарычнай памяці. Да таго ж нашы пазіцыі па міжнародных пытаннях супадаюць. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў неаднаразова прымалі заявы ў падтрымку Кубы, супраць яе блакады. У вас таксама была магчымасць выступіць з трыбуны Палаты прадстаўнікоў, што з цікавасцю ўспрынята маімі калегамі.
Я ведаю, што 13 мая адбылася ваша сустрэча з Маладзёжным саветам пры Палаце прадстаўнікоў. Абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва моладзі дзвюх краін, прагучалі ініцыятывы», — зазначыў спікер.
Таксама Ігар Сергяенка акцэнтаваў увагу на неабходнасці нарошчвання аб’ёмаў гандлю і з’яўленні новых тэм для ўзаемадзеяння: «Безумоўна, падмурак беларуска-кубінскага супрацоўніцтва — гандлёва-эканамічныя адносіны. Менавіта дадзенай сферы прысвечана пасяджэнне беларуска-кубінскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, якая гэтымі днямі праходзіць на Кубе».
Старшыня Палаты прадстаўнікоў выказаў упэўненасць, што пытанні, якія абмяркоўваюцца на мерапрыемстве, нададуць імпульс як развіццю новых, так і нарошчванню існуючых сувязяў па традыцыйных кірунках, тым больш што спектр узаемадзеяння даволі шырокі.
У сваю чаргу кубінскі дыпламат зазначыў, што да Беларусі на Кубе ставяцца з вялікай павагай і любоўю. Ён падкрэсліў: «Беларусь — гэта мадэль для вельмі многіх краін».
Паводле прэс-службы Палаты прадстаўнікоў і sb.by