Top.Mail.Ru

Беларуска Навіцкая стала чэмпіёнкай свету па самба сярод дзяўчат да 18 гадоў

Беларускія спартсмены заваявалі тры медалі ў першы дзень маладзёжнага першынства свету па самба 2025 года, якое праходзіць у Інданезіі, паведамляе БелТА.



У пятніцу, 3 кастрычніка, на дыван выходзілі шасцёра прадстаўнікоў нашай каманды, з якіх прызёрамі сталі трое. Перамогу ў вагавой катэгорыі да 65 кг сярод дзяўчат да 18 гадоў атрымала Дар’я Навіцкая. У чвэрцьфінале беларуская спартсменка адолела італьянку Марціну Вітале, у наступным раўндзе абышла Анамарыю Рус з Румыніі, а ў паядынку за золата была мацнейшай за расіянку Уладзіславу Керымаву.

Таксама сёння нашы самбісты заваявалі дзве сярэбраныя ўзнагароды. У паўфінале турніру ў катэгорыі звыш 80 кг Паліна Лук’янчук (U18) справілася з Марыям Габіташвілі з Грузіі, але ў фінале саступіла Яне Шаўцовай з Расіі. У хлопцаў да 20 гадоў у вазе звыш 98 кг беларус Арсеній Маліцкі стартаваў з перамог над грузінам Звіядам Звіядауры і армянінам Арсэнам Айрапецянам, але ў сутычцы за золата прайграў расіяніну Раману Жданаву.

Геральд Красоўскі (U18, да 71 кг) і Ганна Арцёмава (U18, да 50 кг) завяршылі выступленні на стадыі чвэрцьфіналу, Іван Сямёнаў (U20, да 79 кг) пацярпеў няўдачу ў першым раўндзе. У суботу і нядзелю барацьбу за медалі павядуць па пяць нашых атлетаў. 

Усяго планетарны форум сярод юнакоў да 18 гадоў і юніёраў да 20 гадоў сабраў у Інданезіі 370 самбістаў з 34 краін.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю